Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не браты і ня сёстры. Гэта нашы ворагі». Дырэктарка псыхіятрычнага інтэрнату пад Кіевам расказала пра расейскую акупацыю

Барадзянка, 6 красавіка 2022 г.
Барадзянка, 6 красавіка 2022 г.

Дырэктарка Барадзянскага псыханэўралягічнага інтэрнату (Кіеўская вобласьць) Марына Ганіцкая, у мінулым настаўніца гісторыі, расказала, што найстрашнейшым для яе эпізодам расейскай акупацыі стала сустрэча з кадыраўскім палком.

«6 сакавіка здарылася самая страшная гісторыя, якая толькі магла з намі адбыцца. Раней вораг хадзіў вакол нашай тэрыторыі — ставілі міны вакол нас. Мы назіралі, як яны рыюць акопы. А 6 сакавіка да нас зайшоў кадыраўскі полк. Выламалі вароты, заехала тэхніка, чалавек восемдзесят вайскоўцаў. Усіх нас вывелі, вынесьлі нават тых, хто хадзіць ня можа. Сказалі: «Дырэктара сюды», — расказала Марына Ганіцкая ў інтэрвію выданьню Мeduza.io.

Разваліны ў Барадзянцы, 6 красавіка
Разваліны ў Барадзянцы, 6 красавіка

Паводле яе, вайсковец прадставіўся Даніілам Мартынавым, палкоўнікам расейскай арміі (так завуць намесьніка кіраўніка Расгвардыі па Чачэнскай Рэспубліцы, які ваюе цяпер ва Ўкраіне. — РС).

«Ён сказаў, што калі будзем добра сябе паводзіць, то будзем жывыя, ня будуць нас забіваць, не прычыняць нам болю і больш ніводнае шкло ня выпадзе з нашых вокнаў. Сказаў, што яны прыйшлі ад нацысцкай улады нас вызваляць, хочуць спаліць наш урад. Сказаў: „Мы зараз запішам кароценькае відэа, вы нам падзякуеце і будзеце вольныя, будзеце пад абаронай расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна“», — дадала яна.

І калі запытала ў яго, за што дзякаваць, той нахіліўся да яе твару, паглядзеў у вочы і сказаў: „За тое, што вы жывыя“.

„Гэта было страшна. Ён на мяне не крычаў, не. Сказаў, што ён за дзьве хвіліны можа нас усіх узарваць, але калі відэа запішам, усё будзе добра. Тады я зразумела, што жывой не вярнуся, зразумела, што яны прыйшлі запісаць відэа і проста забіць нас усіх“, — кажа Марына Ганіцкая.

Паводле яе, салдат уключыў камэру, а палкоўнік пачаў гаварыць: „Я — Данііл Мартынаў, палкоўнік расейскай арміі. Мы прыйшлі вызваліць вас ад нацысцкай улады. Цяпер вы зможаце свабодна хадзіць на мітынгі 9 траўня, насіць георгіеўскую стужку“. Тыя, што стаялі насупраць мяне, за камэрай, нацэлілі зброю на мяне і іншых людзей. А тыя вайскоўцы, якія сярод людзей былі, за маёй сьпінай, стаялі і ўсьміхаліся».

Барадзянка, 8 красавіка
Барадзянка, 8 красавіка

Праз тыдзень дырэктарку інтэрнату разам з пацыентамі эвакуавалі ў Жытомір, але яна спадзяецца аднавіць інтэрнат і вярнуцца.

У размове з журналістамі Марына Ганіцкая прызналася, што ёй цяпер сорамна за тое, што яна вучыла школьнікаў пра братнія народы Расеі і Ўкраіны.

«Мы не браты і ня сёстры. Гэта нашы ворагі, мы не прабачым іх за тое, што яны забілі нашых сыноў і гвалтавалі дзяўчатак. Да вайны ў мяне былі доўгія сьветлыя валасы, ніжэй за пояс. Пасьля таго як мы выйшлі з палону, мне хацелася пазбавіцца ад усяго, да чаго дакраналіся гэтыя людзі. І я адрэзала валасы», — расказала Марына Ганіцкая.

2 красавіка Кіеўскую вобласьць вызвалілі ад расейскіх войскаў. Пасьля адступленьня вайскоўцаў Расеі ў вызваленых гарадах і вёсках былі зафіксаваныя факты масавых забойстваў цывільных.

Украіна і прадстаўнікі Захаду патрабуюць прыцягнуць Расею да адказнасьці за ваенныя злачынствы праз тое, што адбылося ў Кіеўскай вобласьці. Крэмль «абвяргае любыя абвінавачаньні ў забойствах мірных жыхароў», нават нягледзячы на тое, што факты забойстваў цывільных у пэрыяд расейскай акупацыі былі пацьверджаныя спадарожнікавымі здымкамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG