Тры расейскія ракеты зафіксавалі над Паўднёваўкраінскай АЭС, — украінская атамная кампанія

Паўднёваўкраінская АЭС
Паўднёваўкраінская АЭС

Пагроза трапляньня ракет у ядзерны рэактар з магчымымі наступствамі — ядзернай катастрофай — «была высокаю».

Крылатыя ракеты Расейскай Фэдэрацыі 16 красавіка праляцелі над Паўднёваўкраінскай АЭС у Мікалаеўскай вобласьці 16 красавіка, паведаміла 22 красавіка ўкраінская дзяржаўная кампанія «Енергоатом».

«Украіна зафіксавала чарговы акт ядзернага тэрарызму з боку Расеі. Новым аб‘ектам, бясьпецы якога пагражалі расейскія крылатыя ракеты, стала Паўднёваўкраінская АЭС. Так, 16 красавіка 2022 году над плятформай станцыі прайшлі тры крылатыя ракеты, выпушчаныя, імаверна, з тэрыторыі Беларусі ў кірунку Мікалаева. Адну зь іх зафіксавалі камэры назіраньня станцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

У кампаніі заявілі, што пагроза трапляньня ракет у ядзерны рэактар з магчымымі наступствамі — ядзернай катастрофай — «была высокаю».

«Чарговы раз зьвяртаемся да МАГАТЭ з патрабаваньнем ужыць усе магчымыя захады для спыненьня ядзернага тэрарызму РФ, вываду вайсковых фармаваньняў Расеі з тэрыторыі Запароскай АЭС і стварэньня дэмілітарызаваных зонаў вакол украінскіх АЭС», — заявілі ў кампаніі.

Падчас маштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія ўзяла пад кантроль два атамныя аб’екты — Чарнобыльскую і Запароскую АЭС. Увечары 31 сакавіка стала вядома, што расейскія захопнікі пакінулі тэрыторыю Чарнобыльскай атамнай станцыі. З сабой яны забралі нацыянальных гвардзейцаў, якія былі ў палоне з моманту расейскага ўварваньня 24 лютага.

​
XS
SM
MD
LG