Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайшла водгук у сэрцах людзей». Укрпошта спыняе продаж маркі з расейскім караблём, але абяцае новыя варыянты


Марка з патопленым расейскім крэйсэрам «Москва»
Марка з патопленым расейскім крэйсэрам «Москва»

Марка з расейскім крэйсэрам «Москва» выйшла 12 красавіка тыражом у адзін мільён штук, зафіксаваўшы пасланьне, якое стала сымбалем украінскага супраціву агрэсіі Расеі. Аднак асаблівую актуальнасьць яна набыла 14 красавіка, калі расейскі карабель быў падбіты і пайшоў на дно.

BBC News Украіна паразмаўляла зь людзьмі, якія стаялі ў чэргах, каб набыць культавую марку, а таксама даведалася у гендырэктара «Укрпошты» Ігара Сьмілянскага пра далейшыя планы пасьля спаненьня яе продажу.

«Адлюстроўвае тое, што многія людзі па ўсім сьвеце хочуць сказаць расейскім захопнікам»

«Гэтая марка знайшла ў сэрцах людзей водгук, мабыць таму, што яна адлюстроўвае тое, што многія людзі па ўсім сьвеце хочуць сказаць расейскім захопнікам», – пракамэнтаваў папулярнасьць маркі з расейскім караблём гендырэктар «Укрпошты» Ігар Сьмілянскі.

А на наступны дзень у фэйсбуку ён паведаміў аб завяршэньні яе продажу:

«Па стане на сёньняшні дзень ужо прададзена каля 700 тысяч марак і продаж маркі ў нашых аддзяленьнях СКОНЧАНА!»

Ён папрасіў «не займаць чаргу».

«Калі ласка, не трэба займаць чэргі. Адзінае выключэньне, гэта нашае аддзяленьне на Майдане ў Кіеве. Там, з 13:00, сёньня будуць прадавацца маркі тым 1500+ кліентам, хто ўчора не змог іх атрымаць і запісаўся ў сьпіс. Я абяцаў, што яны атрымаюць свае маркі, і я гэта выканаю», – паведаміў кіраўнік «Укрпошты».

«Некаторыя былі каля Галоўпаштамта а 5:30»

У перадапошні дзень яе продажу людзі, якія раніцай 19 красавіка ўжо знаходзіліся ў залі Галоўпаштамта на Майдане незалежнасьці ў Кіеве, казалі, што «стаяць з 7 раніцы», а некаторыя былі каля галоўнай пошты краіны яшчэ раней – з 5:30.

«Тыя, хто прыйшоў а 8 ужо казалі, што можна вяртацца дадому», – распавёў адзін са шчасьлівых уладальнікаў маркі.

«Па-першае, гэта памяць. Мы сказалі – яны зрабілі. Па-другое, гэта не толькі мне. У мяне ёсьць сябры, якія выехалі за мяжу і не змогуць іх набыць. Папрасілі мяне. Так я і ўзяў, колькі змог».

Марка выйшла 12 красавіка тыражом у адзін мільён штук, зафіксаваўшы пасланьне, якое стала сымбалем украінскага супраціву расейскай агрэсіі. Але асаблівую актуальнасьць яна набыла 14 красавіка, калі расейскі крэйсэр «Москва» быў падбіты і пайшоў на дно.

Марка з расейскім караблём ужо стала калекцыйнай, і ў інтэрнэце некаторыя яе ўжо прадаюць за 2 тысячы даляраў.

Што будзе далей?

Як паведаміў гендырэктар «Укрпошты» Ігар Сьмілянскі, далей яшчэ 100 тысяч такіх марак прададуць праз Інтэрнэт.

«Каб усё было сумленна і празрыста, 100 тысяч марак будуць выдзелены на інтэрнэт-краму. І пачынаючы з чацьвярга, у нашай інтэрнэт-краме змогуць набыць маркі (2 аркушы па адной замове) тыя, хто раней зрабіў замову ў першыя дні, а з пятніцы любы кліент ва Ўкраіне ці за яе межамі », – растлумачыў гендырэктар «Укрпошты».

Такім чынам праз інтэрнэт купіць марку змогуць яшчэ больш за 8300 кліентаў.

«Астатнія тыражы будуць выкарыстаны для афіцыйных дэлегацый, музэйных фондаў, нашых міжнародных абавязацельстваў у рамках Сусьветнага паштовага саюзу, і па філятэлістычных абанэмэнтах», – растлумачыў Ігар Сьмілянскі.

Гендырэктар пошты Украіны Ігар Сьмілянскі
Гендырэктар пошты Украіны Ігар Сьмілянскі

Акрамя таго, кожны работнік «Укрпошты» атрымае па адной марцы – «што я лічу правільным», адзначыў кіраўнік кампаніі.

Невялікая частка тыражу будзе выдзелена «ў падтрымку маркетынгавых акцый з украінскімі вытворцамі і прадпрымальнікамі».

Да таго ж усе, хто не пасьпеў купіць саму марку, змогуць купіць іншыя рэчы тым жа выявай – як у аддзяленьнях «Укрпошты», так і праз інтэрнэт.

«Майкі і іншыя рэчы з маркай таксама ўжо зусім хутка будуць у нашай інтэрнэт-краме і аддзяленьнях», – напісаў Ігар Смілянскі.

«Ці будзе дадатковы тыраж гэтай маркі? Не. Але мы знайшлі выхад, як менавіта гэтая сэрыя з караблём будзе працягнута, таму чакайце паведамленьні ў пачатку наступнага тыдня, як толькі мы падпішам усе тэхнічныя моманты», – напісаў гендырэктар «Укрпошты».

А ў камэнтары BBC News Украіна ён выказаў здагадку, што наступны выпуск можа быць «гэтак жа прарочым», але заўважыў, што «Крэмль або яго кіраўнік – гэта ўжо будзе апошняя марка ў сэрыі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG