Лідэры краін NATO правялі перамовы, якія скончыліся некалькімі дамоўленасьцямі. Ідуць дыскусіі аб гарантыях для Ўкраіны.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц сказаў, што краіны NATO і партнэры падчас відэаканфэрэнцыі зь Белым домам прыйшлі да пагадненьня, што яны не павінны дапусьціць перамогі расейскага войска ва Ўкраіне. Кіраўнік ураду Нямеччыны расказаў аб гэтай дамоўленасьці на прэс-канфэрэнцыі аб выніках відэанарады, якая адбылася ў аўторак з удзелам лідэраў заходніх краін, піша Голас Амэрыкі.
Акрамя Шольца, у відэаканфэрэнцыі прынялі ўдзел прэзыдэнты ЗША, Польшчы, Францыі, Румыніі, прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі, Японіі і Італіі, а таксама іншыя афіцыйныя асобы, у тым ліку лідэры Эўрапейскага Зьвязу.
«Разам з нашымі партнэрамі ў ЭЗ і NATO мы абсалютна адзіныя ў думцы, што Расея не павінна выйграць гэтую вайну», — сказаў Шольц.
Канцлер наўпрост зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна са словамі: «Спыніце абстрэл украінскіх гарадоў. Дазвольце ўвесьці нядоўгае замірэньне і адвядзіце сваіх салдатаў. Спыніце гэтую жудасную вайну».
Шольц назваў дзеяньні РФ ва Ўкраіне «бессэнсоўнай вайной» і «абуральным парушэньнем міжнароднага права».
У заяве, якую распаўсюдзіла канцылярыя брытанскага прэм’ер-міністра Борыса Джонсана па выніках онлайн-сустрэчы, сказана, што «лідэры дамовіліся працаваць разам, каб знайсьці доўгатэрміновае рашэньне ў галіне бясьпекі, каб Украіну нельга было атакаваць зноў такім чынам».
ЗША са свайго боку павялічаць пастаўкі артылерыі Ўкраіне, заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.
Падчас віртуальнай сустрэчы Байдэн, у прыватнасьці, выслухаў думкі Борыса Джонсана і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона наконт разьвіцьця сытуацыі ва Ўкраіне і гарантыяў бясьпекі афіцыйнаму Кіеву пасьля заканчэньня вайны, улічваючы, што Ўкраіна не ўваходзіць у NATO.
На думку Францыі, гэтыя гарантыі будуць падобныя хутчэй на артыкулы статуту Эўразьвязу аб калектыўнай абароне краін, якія ўваходзяць у яго склад, чым на Пяты артыкул статуту NATO, які аб’яўляе, што атака на адну краіну, якая ўваходзіць у альянс, ёсьць атакай на ўсе краіны блёку.