12 красавіка Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) апублікавала ўрывак зь перахопленай тэлефоннай размовы расейскага вайскоўца з жонкай, у якой яна сьмяялася і заклікала мужа «гвалціць украінак».
Журналісты праграмы «Схемы» разам з расейскай рэдакцыяй Радыё Свабода ідэнтыфікавалі ўдзельнікаў размовы. Мужчына, былы прызыўнік Расгвардыі, раней служыў у палку, які ўдзельнічаў у акупацыі Крыму Расеяй. З пачаткам поўнамаштабнага наступу на Ўкраіну апынуўся ў Херсонскай вобласьці.
Фрагмэнт перахопленай размовы:
— Ты давай там гвалтуй украінскіх баб. Толькі мне нічога не кажы. Зразумеў? Каб я нічога ня ведала, — кажа жанчына мужу.
— Гвалтаваць і нічога табе не казаць? — адказвае муж.
— Так, каб я нічога ня ведала. А што? (сьмяецца. — РС).
— Можна, праўда?
— Так, дазваляю. Толькі засьцерагайся!
— Добра.
Як удалося высьветліць журналістам, расейскі вайсковец, якому ўласная жонка «дазволіла» гвалтаваць «украінак», на момант званка знаходзіўся ў Херсонскай вобласьці. Ад крыніц ва ўкраінскіх праваахоўных органах журналісты даведаліся расейскія тэлефоны суразмоўцаў. Гэтыя два нумары выкарыстоўваліся пры рэгістрацыі двух акаўнтаў у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».
Атрыманыя нумары дазволілі ідэнтыфікаваць суразмоўцаў. Гэта 27-гадовы Раман Быкоўскі і яго жонка — Вольга Быкоўская, у дзявоцтве — Пінясава. Абое з Арлоўскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі. У іх шмат супольных фота.
Жыцьцёвае крэда Вольгі Быкоўскай, мяркуючы па профілі «ЎКантакце»: «Навучыцца нікому нічога не расказваць. Тады ўсё будзе добра». Там жа жанчына, якая параіла мужу «гвалціць жанчын», адзначыла, што самае галоўнае ў яе жыцьці — «сям’я і дзеці».
У яе ёсьць сын — у 2017 годзе яна стала маці, пра што і абвясьціла публічна.
Хаця ў самога Рамана Быкоўскага закрытая старонка, але яго можна сустрэць на фатаздымках калегаў. Журналісты Радыё Свабода знайшлі яго «ў сябрах» з расейцам Аляксеем Забрусавым, ураджэнцам Пензенскай вобласьці, зь якім Раман, паводле фота, апублікаваных Забрусавым, служыў у 2016 годзе.
На іх уніформах добра відаць сымболіка, таму можна зрабіць выснову, што Раман Быкоўскі служыў у Нацыянальнай гвардыі Расеі прынамсі ў 2016 годзе.
Выява на шаўронах паказвае, што гэта дывізія спэцыяльных апэрацый імя Ф. Э. Дзяржынскага. Дывізія лічыцца элітнай вайсковай часткай Нацыянальнай гвардыі Расеі.
Адзін з фотаздымкаў у «Аднаклясьніках» маці мужчыны Ірыны Быкоўскай апублікавана 10 лютага 2018 году. На рукаве добра бачны шаўрон – расьсьледвальнікі групы Conflict Intelligence Team высьветлілі, што Быкоўскі ў той час служыў у дысьлякаваным у Наварасійску 108-м гвардзейскім дэсантна-штурмавым палку, які ўваходзіць у склад 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Ён заключыў кантракт зь міністэрствам абароны не пазьней за люты 2018 году.
Аб удзеле дэсантнікаў 108-га дэсантна-штурмавага палка ў вайне з Украінай раней не паведамлялася, затое добра вядомая роля гэтага падразьдзяленьня ў анэксіі Крыма: вайскоўцы 108-га ДШП актыўна фатаграфаваліся на паўвостраве вясной 2014 году і выкладвалі гэтыя здымкі ў сацсеткі. Удзельнічаў полк і ў сырыйскай кампаніі. Ці Служыць Быкоўскі там цяпер, невядома, гаворыцца ў матэрыяле.
Аб'явы на «Авіто», якія Раман Быкоўскі разьмяшчаў у 2018 годзе, дазваляюць зрабіць выснову, што яны з жонкай і сынам перабраліся ў анэксаваны Расеяй Крым.
Радыё Свабода патэлефанавала Раману Быкоўскаму. Ён пацьвердзіў, што гэта ягонае імя і прозьвішча, а на пытаньне, ці застаецца ён у Херсонскай вобласьці, адказаў адмоўна і сказаў, што знаходзіцца ў Севастопалі. Спытаўшы, хто яму тэлефануе, і даведаўшыся, што гэта журналіст, Быкоўскі сказаў, што голас на апублікаванай СБУ праслушцы яму не належыць. Запіс размовы, зроблены Радыё Свабода, паказвае ідэнтычнасьць ягонага голасу таму, які гучыць у размове пра «ўкраінскіх баб».
Журналісты датэлефанаваліся і да Вольгі Быкоўскай. Голас жанчыны таксама цалкам супадае з голасам на апублікаваным украінскімі спэцслужбамі аўдыёзапісе. Вольга Быкоўская пацьвердзіла Радыё Свабода, што ейны муж цяпер у Севастопалі, удакладніўшы, што ён лечыцца ў шпіталі пасьля раненьня. Па словах Вольгі, дзе менавіта быў паранены Раман Быкоўскі, яна ня ведае. Пасьля гэтага адказу Вольга Быкоўская спыніла размову і стала скідаць далейшыя званкі. На паведамленьні журналістаў у сацыяльных сетках ні Раман Быкоўскі, ні ягоная жонка не адказалі.
Цалкам журналісцкае расьсьледаваньне чытаць тут.