Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Могуць спрабаваць вэрбаваць». Літва ўсьлед за Латвіяй заклікала грамадзян адмовіцца ад паездак у Беларусь па «бязьвізе»


Ланцуг салідарнасьці зь Беларусьсю на літоўска-беларускай мяжы. 2020 год
Ланцуг салідарнасьці зь Беларусьсю на літоўска-беларускай мяжы. 2020 год

14 красавіка Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для грамадзян Літвы і Латвіі для наведваньня сваякоў падчас велікодных — каталіцкіх і праваслаўных — сьвятаў з 15 красавіка па 15 траўня.

Аднак улады Літвы і Латвіі насьцярожана паставіліся да такой навіны. Так, Мінабароны і МЗС Літвы заклікалі сваіх грамадзян не наведваць Беларусь, нягледзячы на «бязьвіз».

Міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас 15 красавіка заявіў, што літоўцаў, якія ўяжджаюць у Беларусь, могуць паспрабаваць завэрбаваць беларускія спэцслужбы.

«Наша контравыведка фіксуе мноства выпадкаў, калі літоўцаў, якія накіроўваюцца ў гэтую краіну або ў Расею, спрабуюць завэрбаваць і атрымаць дадатковую інфармацыю», — цытуе Арвідаса Анушаўскаса агенцтва BNS.

Паводле прадстаўніка літоўскага МЗС Вітаўце Шмайжыце-Кулешэне, наведваньне Беларусі непажадана ў першую чаргу «з прычыны дзеяньняў краіны супраць уласных грамадзян, а таксама з прычыны датычнасьці да ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне».

Яна таксама падкрэсьліла, што Вільня не атрымлівала афіцыйнай інфармацыі зь Менску пра магчымасьць для літоўцаў наведваць Беларусь бязь візаў, паведамляе Delfi.

Учора ад паездак у Беларусь паводле бязьвізавага рэжыму сваіх грамадзян заклікаў устрымацца і міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

«Хоць рэжым Лукашэнкі ўвёў бязьвізавы рэжым для грамадзян Латвіі і Літвы, якія наведваюць Рэспубліку Беларусь, мы заклікаем нашых грамадзян не наведваць Беларусь! Гэта небясьпечна!» — напісаў латвійскі міністар у сваім Твітэры.

14 красавіка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што грамадзяне Латвіі і Літвы могуць уяжджаць у краіну бязь візы напярэдадні праваслаўных і каталіцкіх сьвятаў. Перасякаць мяжу ў пунктах пропуску можна з 15 красавіка па 15 мая. Колькасьць паездак не абмежаваная, дазволена знаходзіцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку наведваць бяз пропуску памежную зону, аднак пра такія намеры трэба паведамляць памежнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG