Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жэсты Менску на адрас Эўразьвязу. Навошта ўвялі часовы бязьвіз для Літвы і Латвіі


Памежны пункт пропуску Каменны Лог на мяжы Беларусі зь Літвой
Памежны пункт пропуску Каменны Лог на мяжы Беларусі зь Літвой

Паводле паведамленьня беларускага Памежнага камітэту, грамадзянам Літвы і Латвіі дазволены бязьвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі з 15 красавіка па 15 траўня.

Сьцісла:

  • Рашэньне аб бязьвізе для дзьвюх суседніх краін даецца без спасылкі на заканадаўчы акт.
  • Улады нарэшце ўзгадалі, што Беларусь — транзытная краіна, даходы бюджэту і эканамічных суб’ектаў у значнай ступені залежаць ад адкрытасьці дзяржавы, свабоды перамяшчэньня.
  • Наколькі гэта дапаможа эканоміцы, цяжка сказаць, але ў крытычнай сацыяльнай сытуацыі і такія рашэньні могуць паслужыць невялікай аддушынай.
  • Верагодна, ёсьць у гэтым кроку і палітычна-піяраўскі складнік. Гэта апэляцыя да грамадзянаў Літвы і Латвіі паўзьверх галоваў іх урадаў.
  • Гэта варта разглядаць і як жэст прымірэньня на адрас ЭЗ, які павінен падмацаваць ліст Макея.

Рашэньне аб бязьвізе для дзьвюх суседніх краін нечаканае і трохі дзіўнае — і з гледзішча палітычнага зьместу, і з гледзішча працэдуры. Пачнем з апошняга. Такога кшталту рашэньні прымаюцца альбо прэзыдэнцкім указам, альбо пастановай ураду. Гэтаму спадарожнічае шырокая рэклямная кампанія. Аднак у дадзеным выпадку такая важная перамена ў адносінах Беларусі з суседнімі краінамі даводзіцца да грамадзкасьці спачатку аб’явамі на памежных пераходах. Толькі потым зьявілася інфармацыя на сайце і тэлеграм-канале Памежнага камітэту. Прычым у выглядзе паведамленьня і са спасылкай на «кіраўніцтва краіны». Самога заканадаўчага акту на гэты момант няма.

Цяпер што тычыцца зьместу. Вядома, што з канца 2020 году беларускія ўлады рэзка абмежавалі перамяшчэньне празь мяжу Беларусі з усімі суседнімі краінамі, акрамя Расеі. 21 сьнежня 2020 году было ўведзена абмежаваньне на выезд беларусаў за мяжу. На той момант яшчэ не заціхлі масавыя пратэсты. Улады сьцьвярджалі, што іх арганізаваў Захад. І закрыцьцё мяжы з варожым асяродзьдзем павінна было, паводле лёгікі палітычнага кіраўніцтва, прадухіліць экспарт адтуль рэвалюцыі.

Што памянялася цяпер?

З аднаго боку, пратэсты здушаныя, пагроза рэвалюцыі нібыта зьнікла з парадку дня. А зь іншага боку, уведзеныя беспрэцэдэнтныя заходнія санкцыі, у выніку чаго эканамічная сытуацыя ў краіне рэзка пагоршылася. Трэба неяк ратавацца.

І ўлады нарэшце ўзгадалі, што Беларусь — транзытная краіна, даходы бюджэту і эканамічных субʼектаў у значнай ступені залежаць ад адкрытасьці дзяржавы, свабоды перамяшчэньня, абʼёму груза- і пасажырапатокаў. Таму і заклапаціліся гэтай тэмай. Пастановай ураду з 3 красавіка зьнятыя абмежаваньні на перасячэньне беларускай мяжы грамадзянамі Беларусі. І вось цяпер уводзіцца «бязьвіз» для жыхароў Літвы і Латвіі. Робіцца стаўка на пашырэньне ўязнога турызму і іншыя камунікацыі, якія павінны даць краіне дадатковы даход. Але адразу ўзьнікае пытаньне: а чаму гэта не распаўсюджваецца на грамадзян Польшчы?

Наколькі гэта дапаможа эканоміцы, цяжка сказаць, але ў крытычнай сацыяльнай сытуацыі і такія рашэньні могуць паслужыць невялікай аддушынай.

Мяркую, ёсьць у гэтым кроку і палітычна-піяраўскі складнік. Гэта апэляцыя да грамадзянаў Літвы і Латвіі паўзьверх галоваў іхных урадаў. Маўляў, менавіта Лукашэнка праяўляе сапраўдны гуманізм, клапоціцца пра простых людзей. У той час як іх урады толькі ўводяць санкцыі, якія б’юць па інтарэсах гэтых краін, прыносяць эканамічныя страты.

Да таго ж цяпер у некаторых краінах ЭЗ беларусы, нароўні з расейцамі, зазнаюць дыскрымінацыю за саўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны. І на кантрасьце з гэтым рашэньне аб часовым бязьвізе для Літвы і Латвіі павінна прадэманстраваць «лібэралізм» беларускага рэжыму.

Аднак наўрад ці гэтымі жэстамі ўдасца падправіць даўно і безнадзейна сапсаваны імідж. Асабліва пасьля таго, як мігранты некалькі месяцаў штурмавалі беларуска-літоўскую і беларуска-латвійскую мяжу.

Таксама гэта варта разглядаць і як жэст прымірэньня на адрас ЭЗ. Вось сёньня высьветлілася, што яшчэ 6 красавіка міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей зьвярнуўся зь лістом да Эўразьвязу і некалькіх міністраў замежных спраў краінаў ЭЗ з заклікам «аднавіць дыялёг» паміж Менскам і Брусэлем, каб «пераасэнсаваць парадыгму будучых адносін Беларусі і ЭЗ». Ён катэгарычна адмаўляе ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай. У гэтым кантэксьце і варта разглядаць згаданае рашэньне пра часовы бязьвіз зь Літвой і Латвіяй. Яно павінна падмацаваць ліст Макея. Менск шукае шляхі, каб неяк саскочыць, выкруціцца ад адказнасьці за саўдзел у агрэсіі.

Аднак праблема ў тым, што гэты сыгнал абсалютна супярэчыць усім іншым крокам афіцыйнага Менску ў бок Захаду. Рыторыка Лукашэнкі кардынальна супрацьлеглая зьместу ліста Макея. Апошнім часам Менск толькі і рабіў (ад палітычных рэпрэсій да міграцыйнага крызісу), што помсьціў Захаду, спальваў масты. Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі, анансаваныя новыя беларуска-расейскія вучэньні.

А добра вядома: калі сыгналы супярэчлівыя, то яны не працуюць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG