Кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі палкоўнік Максім Марчанка заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі па крэйсэры «Москва» удар супрацькарабельнымі крылатымі ракетамі «Нэптун» і прычынілі яму сур’ёзныя пашкоджаньні.
Расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на Мінабароны Расеі пра ўдары ўкраінскімі ракетамі па караблі ня піша, гаворачы толькі пра «ўзьнікненьне пажару, у выніку якога здэнатаваў боепрыпас». Пры гэтым адзначаецца, што экіпаж пасьпелі эвакуаваць з палаючага судна.
Мінабароны Расеі: «„Москва“ захоўвае плывучасьць»
Як паведаміла агенцтва РИА «Новости» са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі, крэйсэр «Москва» захоўвае свае плывучыя здольнасьці, аднак у порт яго адбуксоўваюць. У ведамстве запэўнілі, што асноўнае ракетнае ўзбраеньне не было пашкоджана. Экіпаж быў эвакуаваны на караблі Чарнаморскага флёту ВМС Расеі, якія знаходзяцца паблізу.
Гісторыя карабля
Ракетны крэйсэр «Москва» пачалі будаваць на Мікалаеўскім суднабудаўнічым заводзе яшчэ ў савецкай Украіне ў 1976 годзе, а ў 1979-м спусьцілі на ваду пад назвай «Слава». Улетку 1999 году «Москва» атрымала прыпіску ў Севастопальскім порце, карабель быў флягманам Чарнаморскага флёту і меў найбольшае ўзбраеньне на борце.
У 2008-м, як піша РБК, крэйсэр на тэрыторыі самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі ўдзельнічаў у вайне Расеі супраць Грузіі, якую ў Крамлі называлі «міратворчай апэрацыяй». Зь верасьня 2015 году па студзень 2016-га карабель ажыцьцяўляў супрацьпаветранае прыкрыцьцё з марскога кірунку авіябазы расейскіх ВКС Хмэймім у Сырыі. На вайне супраць Украіны менавіта «Москва» ўдзельнічала ў захопе вострава Зьмяіны, дзе знаходзіліся ўкраінскія памежнікі, якія адмовіліся дабраахвотна складаць зброю і нецэнзурна выказаліся ў адрас «расейскага вайсковага карабля», адхіліўшы ўльтыматум.
Экспэрт пра шкоду караблю
Прафэсар Майкл Пэтэрсан, дырэктар вывучэньня марскога патэнцыялу Расеі пры Вайскова-марскім каледжы ЗША, сказаў BBC, што пакуль рана гаварыць пра тое, наколькі моцная шкода нанесеная крэйсэру «Москва», але падобна, што ўкраінцам удалося здабыць важную перамогу на моры.
«Я думаю, яна мае і сымбалічнае, і ваеннае значэньне. Гэта флягман расейскага Чарнаморскага флёту; ён ужо крыху састарэў, але гэта ўсё яшчэ сымбаль расейскай ваеннай моцы на Чорным моры».
Украіна страціла свой флёт у 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму, таму, лічыць Пэтэрсан, сам факт таго, што ўкраінцы могуць наносіць такія ўдары, надзвычай сымбалічны і балючы для расейскага кіраўніцтва. Цяпер, на думку экспэрта, расейскі флёт можа адчуць неабходнасьць дзейнічаць на большым аддаленьні ад украінскага берага.
«Гэта можа паўплываць на магчымасьці прамой агнявой падтрымкі войскаў і супрацьпаветранай абароны прыбярэжных раёнаў. Я лічу, гэта прымусіць расейскіх маракоў двойчы падумаць», — заключыў Майкл Пэтэрсан.
Што такое ракеты «Нэптун»?
«Нэптун» — супрацькарабельная крылатая ракета. Яе распрацавала кіеўскае канструктарскае бюро «Луч» у 2014–2020 гг. Ракета прызначана для зьнішчэньня караблёў водазьмяшчэньнем да 5 000 тон і мае баявую частку масай 150 кг. «Нэптун» можа манэўраваць на працягу свайго палёту, прычым далёкасьць палёту разьлічана на 280 км.
Макет ракеты «Нэптун» упершыню паказалі шырокаму колу людзей у 2019 годзе, а паступілі на ўзбраеньне ўкраінскага войска яны 23 жніўня 2020 году, пасьля адмысловых выпрабаваньняў. У сакавіку таго году тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіне неабходная высокадакладная ракетная зброя, якая зможа паражаць цэлі далёка ў тыле Расеі.
Выкарыстаньне такіх ракет стала магчымым пасьля спыненьня дзеяньня расейска-амэрыканскай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.
Расейскія спэцслужбы цікавіліся вырабам гэтых ракет. Служба бясьпекі Ўкраіны паведамляла аб тым, што 6 траўня 2020 году затрымала агента ФСБ Расеі, які фатаграфаваў дакумэнтацыю комплексу «Нэптун» для перасылкі сваім куратарам. Як паведамілі ў СБУ, шпіёну знарок падсунулі несапраўдную дакумэнтацыю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.