Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампаніі пляменьніка Назарбаева вярнулі дзяржаве каля траціны акцый «Казахтэлекаму»

Дэмантаваны манумэнт Назарбаева, студзень 2022
Дэмантаваны манумэнт Назарбаева, студзень 2022

Падкантрольныя казахстанскаму алігарху Кайрату Сатыбалдыўлы кампаніі — Skyline Investment Company S.A. і ТАА Alatau Capital Investment — вярнулі дзяржаве па дамове дарэньня больш за тры тысячы акцый «Казахтэлекаму».

Пра гэта паведамляе «Власть» са спасылкай на прэс-службу прэм’ер-міністра краіны.

Skyline Investment перадала ў дзяржаўную ўласнасьць звыш 2,6 мільёна акцый тэлекамунікацыйнай карпарацыі, а Alatau Capital — больш за 400 тысяч каштоўных папер, адзначаецца ў паведамленьні. Гэта амаль 28,8 працэнта ад агульнай долі каштоўных папер АТ «Казахтэлекам».

Як нагадвае «Настоящее время», Кайрат Сатыбалдыўлы — старэйшы пляменьнік былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, уваходзіць у сьпіс самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны па вэрсіі Forbes Kazakhstan.

Па дадзеных Forbes за 2018 год, Кайрат Сатыбалдыўлы валодаў актывамі ў 163 млн даляраў і ўваходзіў у топ-50 найбагацейшых бізнэсоўцаў Казахстану. Інфармацыю пра ягоныя актывы ў наступныя гады Forbes не публікаваў.

Пляменьнік Назарбаева быў затрыманы 13 сакавіка антыкарупцыйнай службай Казахстану. У службе адзначылі, што правяраюць дачыненьне Сатыбалдыўлы ня толькі да справы аб крадзяжы сродкаў АТ «Казахтэлекам», але і да іншых злачынстваў, якія «падрываюць бясьпеку дзяржавы». Праз два дні суд у Астане арыштаваў яго на два месяцы.

19 сакавіка суд таксама адправіў пад варту ягоную жонку Гульміру Сатыбалды, праваахоўнікі западозрылі яе ў крадзяжы бюджэтных сродкаў на суму 747 млн тэнге (1,66 мільёна даляраў).

Сатыбалдыўлы прыцягнуў увагу журналістаў пасьля таго, як аказаўся адзіным заснавальнікам афшорнай фірмы Skyline Investment Company S.A.: яна валодае больш як 24% акцый казахстанскай тэлекамунікацыйнай кампаніі «Казахтэлекам». Казаская служба Радыё Свабода апублікавала вялікае расьсьледаваньне пра гэтую кампанію: імя, прозьвішча, дата нараджэньня яе заснавальніка цалкам супалі з пэрсанальнымі дадзенымі пляменьніка Назарбаева.

«Казахтэлекам» займае практычна манапольнае становішча на казахстанскім рынку тэлекамунікацыйных паслуг. Кампанія раней заяўляла, што сярод саўладальнікаў ёсьць люксэмбурская кампанія, але не раскрывала яе канчатковых бэнэфіцыяраў.

Інфармацыя пра Кайрата Сатыбалдыўлы стала даступнай пасьля таго, як Люксэмбург апублікаваў дадзеныя аб уласьніках зарэгістраваных у гэтай эўрапейскай дзяржаве кампаній.

Сатыбалдыўлы раней не рабіў якіх-небудзь заяваў пра сувязь з Skyline Investment Company S.A. Ніякіх камэнтароў аб валоданьні «Казахтэлекамам» не рабіў і сам Назарбаеў.

25-працэнтавы пакет акцый «Казахтэлекаму» апынуўся ў руках люксэмбурскай кампаніі ў 2018 годзе пасьля таго, як каштоўныя паперы ёй былі перададзеныя кампаніяй аднаго з найбагацейшых бізнэсоўцаў Казахстану Аляксандра Клябанава. Зьдзелка была дазволена ўрадам, які тады ўзначальваў Бакытжан Сагінтаеў.

Умовы зьдзелкі невядомыя. Па дадзеных фінансавай справаздачнасьці за 2018 год, сукупныя актывы Skyline Investment Company S.A. перавысілі 87 мільярдаў тэнге (па курсе таго часу — каля 266 млн даляраў), страты склалі 21 мільён тэнге.

XS
SM
MD
LG