Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане арыштавалі колішняга міністра абароны

Мурат Бектанаў
Мурат Бектанаў

Экс-міністра абвінавацілі ў бязьдзеяньні. Цяпер ён пад вартай.

Улады Казахстану арыштавалі былога міністра абароны краіны, які быў адпраўлены ў адстаўку ў мінулым месяцы на фоне засяроджаньня ўлады ў руках прэзыдэнта Касыма-Жамарта Такаева пасьля крывавых хваляваньняў, што ахапілі краіну. Экс-міністра Мурата Бектанава абвінавацілі ў бязьдзейнасьці падчас акцый пратэсту і беспарадках у цэнтры хваляваньняў, паведамляюць Інтэрфакс-Казахстан і «Коммерсантъ» са спасылкай на сілавыя органы.

Бектанаў знаходзіцца ў СІЗА ў Нур-Султане (Астане). Такаеў адправіў Бектанава ў адстаўку 19 студзеня, у той жа дзень, калі парлямэнт Казахстану далучыўся да спробы Такаева пазбавіць уплывовага былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева яго пажыцьцёвых пасад у Радзе бясьпекі і Асамблеі народу Казахстану.

Пратэсты ў горадзе Жанаэзен у пачатку студзеня 2022-га з прычыны раптоўнага павышэньня цэнаў на паліва хутка распаўсюдзіліся па ўсім Казахстане і прывялі да жорсткіх сутыкненьняў у найбуйнейшым горадзе краіны Алматы і іншых месцах.

На той момант Нурсултан Назарбаеў, які абвясьціў пра сваю адстаўку ў 2019 годзе, захоўваў вялікі палітычны ўплыў. Большая частка грамадзкага гневу ў сувязі з хваляваньнямі была накіравана на Назарбаева.

Пратэсты прымусілі Такаева зьвярнуцца па дапамогу да войскаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) пад кіраўніцтвам Расеі, каб здушыць беспарадкі. З тых часоў дзяржаўны апарат, а таксама бізнэс актыўна вычышчаюць ад сваякоў і паплечнікаў Назарбаева.

Мурат Бектанаў узначальваў Мінабароны Казахстану са жніўня 2021 году.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG