Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на прэсавую службу кіраўніка Казахстану.
Апублікавалі тэкст канстытуцыйнага закону «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя канстытуцыйныя законы рэспублікі».
Унесьці папраўкі ў гэты закон прапанавалі 27 студзеня дэпутаты Сэнату — верхняй палаты парлямэнту Казахстану. 2 лютага за іх прагаласавалі дэпутаты ніжняй палаты — мажыліса.
У гэты закон у 2000 годзе быў унесены статус Назарбаева як елбасы, гэта значыць лідэра нацыі, а неабходнасьць узгадняць зь ім галоўныя напрамкі ўнутранай і зьнешняй палітыкі была заканадаўча замацавана ў 2010 годзе.
Назарбаеў пазбаўлены старшыняваньня ў дзяржаўных органах
Папраўкі, унесеныя ў канстытуцыйны закон, прадугледжваюць зьмены артыкула «Аб першым прэзыдэнце»: яны пазбаўляюць Назарбаева пасады кіраўніка Асамблеі народу Казахстану (АНК) і Рады бясьпекі краіны. Пры гэтым экс-прэзыдэнт застаецца чальцом Канстытуцыйнай рады і захоўвае права выступаць ва ўрадзе і парлямэнце.
Нурсултан Назарбаеў пайшоў у адстаўку з пасады прэзыдэнта Казахстану ў сакавіку 2019 году, застаўшыся старшынёй Рады бясьпекі і АНК. У красавіку 2021 году ён перадаў паўнамоцтвы кіраўніка АНК дзейнаму прэзыдэнту Касыму-Жамарту Такаеву.
Падчас студзеньскіх пратэстаў і беспарадкаў Такаеў вызваліў Назарбаева ад пасады старшыні Рады бясьпекі, узначаліўшы яе сам. Крыху пазьней Нурсултан Назарбаеў саступіў і старшынёўства ў кіруючай партыі «Нур Атан» Такаеву, які стаў аднаасобным лідэрам Казахстану.