«Я пэнсіянэр». Назарбаеў упершыню публічна выступіў пасьля пратэстаў у Казахстане. ВІДЭА

Нурсултан Назарбаеў, 18.01.2022
Нурсултан Назарбаеў, 18.01.2022

Назарбаеў заявіў, што ён застаецца ў Казахстане і нікуды не выяжджаў.

На сайце Нурсултана Назарбаева зьявіўся ягоны зварот па-казаску і па-расейску ў сувязі са студзеньскімі пратэстамі, якія выліліся ў беспарадкі і гібель людзей.

Назарбаеў заявіў, што «мэтай гэтых арганізаваных беспарадкаў і нападаў на Казахстан было разбурэньне цэласнасьці краіны і асноў дзяржавы.

Гэтыя падзеі яшчэ раз паказваюць, што незалежнасьць трэба берагчы як зрэнку вока, як далікатную пасудзіну, якая патрабуе асабліва беражлівага абыходжаньня.

Трагедыя стала для ўсіх нас урокам. Важна высьветліць, хто арганізаваў усе гэтыя пагромы і забойствы».

Назарбаеў расказаў і пра сябе:

«Адказваючы на шматлікія звароты ў мой адрас і ў сувязі з публікацыямі ў сродках масавай інфармацыі, паведамляю, што я ў 2019 годзе перадаў паўнамоцтвы прэзыдэнта Касым-Жамарту Такаеву і з таго часу зьяўляюся пэнсіянэрам, і цяпер знаходжуся на заслужаным адпачынку ў сталіцы Казахстану. І нікуды не выяжджаў.

Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў валодае ўсёй паўнатой улады. Ён старшыня Рады бясьпекі. У хуткім часе ён будзе выбраны старшынёй партыі „Nur Otan“. Таму ніякага канфлікту ці супрацьстаяньня ў эліце няма. Чуткі на гэтую тэму абсалютна беспадстаўныя».

​
XS
SM
MD
LG