Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Нямеччыне дазваляюць аўтапрабегі пад расейскімі сьцягамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У нядзелю, 10 красавіка, па вуліцах Гановэру пройдзе аўтапрабег пад расейскімі сьцягамі.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, дадаючы, што пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў Нямеччыне адбыліся ўжо тры падобныя аўтапрабегі — адзін невялікі ў фэдэральнай зямлі Рэйнлянд-Пфальц і два вялікія, у Боне і ў Бэрліне.

У аўтапрабегу ў Бэрліне ўдзельнічалі, паводле зьвестак паліцыі, каля 400 машын. На кадрах з акцыі, якая доўжылася каля трох гадзін, выразна бачна, што яе ўдзельнікі ехалі, уключыўшы гучныя песьні на расейскай мове і размахваючы сьцягамі Расеі, а некаторыя — сьцягамі СССР, Казахстану і ФРГ. З аднаго з аўтамабіляў паліцыя прыбрала лацінскую літару Z, забароненую ў Нямеччыне як знак заахвочваньня супрацьпраўных дзеяньняў, гэта значыць, уварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Арганізатары

Арганізатары бэрлінскага аўтапрабегу Ігар і Крысьціян, як высьветліла нямецкая прэса, – саўладальнікі адной з аўтамайстэрняў у Бэрліне. Дэманстрацыю яны ладзілі «ў абарону рускамоўных ад дыскрымінацыі» ў Нямеччыне, хаця, як прызнаў Крысьціян, асабіста ён з такой дыскрымінацыяй не сутыкаўся. Заклік выйсьці на акцыю распаўсюджваўся праз сацсетку Tik-tok.

Можна ўсё, што не забаронена

На тле ўварваньня Расеі ва Ўкраіну аўтакалёны з расейскім трыкалёрам у Нямеччыне выклікалі абурэньне немцаў. Але журналісты Deutsche Welle адначасова падкрэсьліваюць, што ўдзельнікі акцый карыстаюцца правам на сходы, якое ў самой Расеі адсутнічае.

Мэр Бэрліну Францыска Гіфай, збольшага пагадзіўшыся з крытыкамі аўтапрабегу, рашэньне ўладаў гораду і паліцыі палічыла правільным. Справа ў тым, што свабода збораў гарантаваная Асноўным законам Нямеччыны. Дэманстрацыя расейскага сьцягу таксама не забароненая і забараніць яе сталічныя ўлады ня могуць, растлумачыла Гіфай.

Можна, але з абмежаваньнямі

Міністар унутраных спраў Турынгіі і некаторыя іншыя нямецкія палітыкі прапануюць абмежаваць такія акцыі. Напрыклад, дазволіць іх правядзеньне толькі на ўскраіне гораду, забараніць сыгналіць і скараціць колькасьць аўтамабіляў, якія ўдзельнічаюць у аўтапрабегу. Улады Франкфурта-на-Майне абяцаюць строга выконваць нормы закону і не дазваляць удзельнікам дэманстраваць георгіеўскія стужкі, а таксама літары Z і V.

У Гановэры пайшлі яшчэ далей, забараніўшы ўдзельнікам прарасейскіх дэманстрацый размахваць сьцягамі СССР. Некаторыя абмежаваньні лічаць неабходнымі і нямецкія юрысты. На іх думку, маршрут падобнага аўтапрабегу не павінен праходзіць побач з інтэрнатам, у якім разьмешчаныя ўкраінскія ўцекачы.

Тым часам расейскія СМІ паведамілі, што аўтапрабег у падтрымку Расеі прайшоў 9 красавіка ў кіпрскім Лімасоле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG