Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джонсан: Вялікабрытанія рыхтуе новы пакет фінансавай і вайсковай дапамогі Ўкраіне

абноўлена

Сустрэча Барыса Джонсана з Уладзімірам Зяленскім, 9 сакавіка 2022
Сустрэча Барыса Джонсана з Уладзімірам Зяленскім, 9 сакавіка 2022

Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан прыбыў у Кіеў на сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

«Сёньня я сустрэўся з сваім сябрам прэзыдэнтам Украіны Зяленскім у Кіеве, каб зазначыць нашу непахісную падтрымку народу Ўкраіны. Мы рыхтуем новы пакет фінансавай і вайсковай дапамогі, які сьведчыць аб нашай адданасьці барацьбе яго краіны з барбарскай кампаніяй Расеі», – напісаў Джонсан у Твітэры.

Джонсан адзначыў пасьля сустрэчы, што «Ўкраіна насуперак усім чаканьням адкінула расейскія войскі ад Кіева і зьдзейсьніла найвялікшы баявы подзьвіг XXI стагодзьдзя». «Дзякуючы ўпэўненаму лідэрству прэзыдэнта Зяленскага і непераадольнаму гераізму і адвазе ўкраінскага народа, жахлівыя пляны Пуціна зараз зрываюцца», – дадаў брытанскі прэм’ер-міністар.

Па выніках перамоваў офіс Джонсана заявіў, што Вялікая Брытанія накіруе 120 браняваных машын і супрацькарабельных ракетных комплексаў для падтрымкі Украіны.

«Вялікабрытанія – лідэр у абароннай падтрымцы Ўкраіны. Лідэр у антываеннай кааліцыі. Лідэр у санкцыях у дачыненьні да расейскага агрэсара», – паведаміў перад сустрэчай намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Сібіга.

У пятніцу Джонсан абвясьціў, што накіруе Ўкраіне дадатковую вайсковую дапамогу на суму 100 млн фунтаў у адказ на абстрэл вакзала ў Краматорску, у выніку якога загінулі 52 чалавекі, што мелі намер эвакуавацца з гораду.


Сустрэча з канцлерам Аўстрыі


У суботу Ўладзімір Зяленскі сустрэўся таксама ў Кіеве з фэдэральным канцлерам Аўстрыі Карлам Нэгамэрам. Прэзыдэнт Украіны расказаў, што, паводле ягонай інфармацыі, вакол Марыюпаля сканцэнтраваліся 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Зяленскі таксама заявіў, што не бярэцца даваць прагнозы адносна бітвы на Данбасе, да якой актыўна рыхтуецца расейскае войска. «Гэта будзе складаная баталія, мы верым у нашу барацьбу, верым у нашу перамогу», – сказаў прэзыдэнт Украіны.

Паводле яго, галоўным фактарам далейшых дзеяньняў Расеі будзе стойкасьць ВСУ, пастаўкі зброі Ўкраіне і «гатоўнасьць Пуціна ісьці далей».

Канцлер Аўстрыі заявіў, што лічыць недастатковымі цяперашнія санкцыі супраць Расеі. «Мы хочам пашырыць санкцыі і будзем ісьці па гэтым шляху, цяпер іх недастаткова, таму што людзі гінуць», – сказаў ён.

«Мы будзем пашыраць нашу дапамогу Ўкраіне», – сказаў Нэгамэр.

  • Напярэдадні кіраўнца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль і прэм'ер-міністар Славаччыны Эдуард Хэгер наведалі Бучу, дзе пасьля сыходу расейскіх войскаў знайшлі шматлікія целы мірных жыхароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG