Праваабаронцы працягваюць дакумэнтаваць выпадкі згвалтаваньня жанчын расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне, паведаміла ўкраінскай службе Радыё Свабода дасьледчыца Human Rights Watch Юлія Гарбунова.
«Мне вядомыя тры задакумэнтаваныя выпадкі сэксуальнага гвалту, учыненага расейскімі вайскоўцамі. Гэта згвалтаваньні ў Бучы, Браварах і вёсцы Рогань Харкаўскай вобласьці. Учора француская газэта Le Figaro апублікавала інфармацыю пра яшчэ тры выпадкі жорсткага пабіцьця і згвалтаваньня жанчын. Пра гэта расказала псыхоляг, якая працуе з гэтымі жанчынамі», — сказала Юлія Гарбунова.
Паводле яе, пакуль немагчыма зрабіць дакладныя высновы, але існуе вялікая рызыка таго, што ў гэтай вайне шырока выкарыстоўваецца сэксуальны гвалт. Яна таксама перасьцерагае ад пасьпешлівых заяваў, што гэта нібыта адзінкавыя выпадкі.
«Збор інфармацыі аб такіх выпадках можа зацягнуцца. У некаторых канфліктах праходзілі месяцы, а часам і гады, перш чым сталі вядомыя сапраўдныя маштабы такіх злачынстваў», — адзначыла дасьледчыца Human Rights Watch.
Пра тое, што расейскія вайскоўцы гвалтуюць жанчын на акупаваных украінскіх тэрыторыях, сусьветныя СМІ ўпершыню паведамілі 4 сакавіка са спасылкай на міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебу. Пазьней генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава паведаміла пра першае завочнае падазрэньне ў парушэньні законаў і звычаяў вайны расейскаму вайскоўцу, які згвалціў украінку перад забойствам яе мужа ў Кіеўскай вобласьці.
8 красавіка кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рога Аляксандар Вілкул паведаміў у Telegram пра «згвалтаваньне 16-гадовай цяжарнай і 78-гадовай бабулі ў адной зь вёсак на Інгулецкім кірунку».