Папа Рымскі заявіў пра гатоўнасьць наведаць Кіеў, а таксама сустрэцца з патрыярхам Кірылам

Папа рымскі Францішак
Папа рымскі Францішак

Папа прызнаўся, што пакуль ня ведае, калі і як можна ажыцьцявіць візыт ва Ўкраіну.

«Ёсьць мая пастаянная гатоўнасьць, няма адмовы, я гатовы», — так Францішак адрэагаваў на пытаньне журналістаў аб магчымасьці паездкі ва Ўкраіну. Яно прагучала 3 красавіка 2022 году ў самалёце падчас палёту з Мальты ў Рым.
Папу Рымскага Францішка цытуе Vatican News.

«Я гатовы зрабіць усё, што павінна быць зроблена, і Сьвяты Пасад, асабліва дыпляматычны бок, кардынал Паралін і арцыбіскуп Галахер, робяць усё, але сапраўды ўсё, хоць ня можна апублікаваць усяго таго, што яны робяць, з прычыны асцярожнасьці і канфідэнцыяльнасьці, але мы на мяжы нашых магчымасьцяў. Сярод магчымасьцяў — падарожжа. Магчымыя дзьве паездкі. Прэзыдэнт Польшчы папрасіў мяне аб адной зь іх. Гаворка ідзе пра накіраваньне кардынала Краеўскага да ўкраінцаў, якіх прынялі ў Польшчы», — сказаў пантыфік.

Яшчэ адна паездка — гэта яго асабісты візыт ва Ўкраіну. Папа прызнаўся, што пакуль ня ведае, калі і як гэта можна ажыцьцявіць, бо ўзьнікаюць пытаньні, «ці будзе гэта дарэчы і ці прынясе гэта карысьць».

«Акрамя таго, некаторы час разглядалася сустрэча з патрыярхам Кірылам. Мы над ёй працуем, працуем і думаем пра Блізкі Ўсход як месца сустрэчы, такая цяпер рэальнасьць», — паведаміў папа.

«Кожная вайна нараджаецца зь несправядлівасьці, заўсёды. Бо існуе заканамернасьць вайны. Няма шаблону міру. Напрыклад, інвэстыцыі ў куплю зброі. Кажуць: яна патрэбна для абароны. Гэта схема вайны. Калі скончылася Другая сусьветная вайна, усе ўздыхнулі: „Ніколі больш вайны“, і быў мір. Хваля намаганьняў на карысьць міру таксама пачалася з добрай волі, каб пасьля Хірасімы і Нагасакі не перадаваць зброю, у тым выпадку ядзерную, у абмен на мір. Гэта была вялікая добрая воля. Праз семдзесят гадоў мы пра ўсё гэта забыліся. Такім чынам навязваецца ўзор вайны», — пракамэнтаваў бягучую сытуацыю Францішак.

​
XS
SM
MD
LG