Крэмль: Лукашэнка ў размове з Пуціным падтрымаў дзеяньні РФ ва Ўкраіне. У прэс-службе Лукашэнкі пра гэта прамаўчалі

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір  Пуцін, 2021 год
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2021 год

Уладзімір Пуцін 1 красавіка абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам хаду вайны супраць Ўкраіны.

Аднак аб дэталях размовы іх прэс-службы паведамляюць па-рознаму.

«Уладзімер Пуцін інфармаваў аб хадзе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі для абароны Данбасу і даў ацэнкі перамоваў расейскіх і ўкраінскіх прадстаўнікоў, — паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Крамля. — Аляксандрам Лукашэнкам зноў выказана падтрымка дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі».

У паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі пра ягоную падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне не ўзгадваецца:

«Павіншавалі адзін аднаго з надыходам сьвята — дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі, абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых адносін, асобнай тэмай размовы стала сытуацыя вакол Украіны, закранулі і іншыя актуальныя пытаньні ўзаемадзеяньня».

4 сакавіка падчас тэлефоннай размовы Лукашэнка і Пуцін таксама абмяркоўвалі тэму Ўкраіны. У той раз Лукашэнка, паводле вэрсіі Крамля, таксама «падтрымаў апэрацыю з удзелам расейскіх вайскоўцаў».

Грызлоў абяцае дапамогу

Пасол Расеі ў Беларусі Грызлоў 1 красавіка заявіў, што Расея «працягвае курс на аказаньне эканамічнага спрыяньня» свайму «стратэгічнаму партнэру і найбліжэйшаму хаўрусьніку» Беларусі.

Паводле яго, цяпер перад дзьвюма краінамі стаіць задача сумеснымі намаганьнямі забясьпечыць далейшы рост тавараабароту. Дыпламат адзначыў, што ў 2021 годзе гэты паказьнік павялічыўся на 35% — да 40,1 млрд даляраў.

Як прыклад эканамічнай дапамогі партнэру ён прывёў рэструктурызацыю і растэрміноўку на пяць-шэсць гадоў выплат па вылучаных Беларусі дзяржаўных крэдытах РФ. У 2022 годзе Менск мусіў выплаціць за вонкавы дзяржаўны доўг 1,8 млрд даляраў, у тым ліку Расеі — 1,2 млрд.

Паводле яго, дасягнутая дамоўленасьць, што пры патрэбе будуць забясьпечаны ўзаемныя пастаўкі харчовых і іншых тавараў крытычнага значэньня.

​
XS
SM
MD
LG