Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане прыватных таксоўшчыкаў абавязалі вазіць на шкле партрэт прэзыдэнта


Сердар Бердымухамедаў, новы прэзыдэнт Туркмэністану
Сердар Бердымухамедаў, новы прэзыдэнт Туркмэністану

Дарожная паліцыя ў Марыйскім велаяце Туркмэністану патрабуе ад прыватных таксістаў, акрамя ліцэнзіі на працу, мець на лабавым шкле машын партрэт новага прэзыдэнта Сердара Бердымухамедава. Пра гэта піша туркмэнская служба Радыё Свабода.

Цырымонія ўступленьня на пасаду новага прэзыдэнта Туркмэністану адбылася 19 сакавіка. Цэнтральная выбарчая камісія краіны абвясьціла, што Сердар Бердымухамедаў перамог, набраўшы 72,97% галасоў на датэрміновых выбарах, якія прайшлі без удзелу міжнародных назіральнікаў.

Пасьля таго як Бердымухамедаў-малодшы прыняў прысягу, па ўсёй краіне пачалі абнаўляць прэзыдэнцкія партрэты.

«У нас на прыватных машынах забаронена мець знакі таксі. Таму будзе добра, калі вы прылепіце на лабавое шкло машыны партрэт новага прэзыдэнта, Сердара. Так людзям будзе зразумела, што ваша машына — гэта таксі», — перадаюць словы паліцыянтаў прыватныя таксоўшчыкі.

Па іх словах, супрацоўнікі дарожнай паліцыі пасьля прад'яўленьня гэтага патрабаваньня прапануюць кіроўцам купіць партрэт прэзыдэнта памерам 210х75 мм. Цана — 5 манатаў ($1,5).

«Супрацоўнікі дарожнай паліцыі на стандартным аркушы звычайнай паперы раздрукавалі чатыры партрэты. Потым ксэракопіі партрэтаў прадаюць нам па пяць манатаў за кожны», — расказваюць кіроўцы таксі.

Як піша сайт, партрэты прэзыдэнта Сердара Бердымухамедава разьвешаныя ва ўсіх грамадзкіх месцах, у тым ліку ў гарадзкім транспарце. Да зьяўленьня новага патрабаваньня кіроўцы таксі павінны былі мець партрэт Бердымухамедава-старэйшага на бачным месцы ў салёне.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG