Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедава стаў ягоным спадкаемцам на пасадзе


Новы прэзыдэнт Туркмэністану Сердар Бердымухамедаў
Новы прэзыдэнт Туркмэністану Сердар Бердымухамедаў

Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, Сердар Бердымухамедаў набраў звыш 72% галасоў і заваяваў перамогу.

ЦВК Туркмэністану сьцьвярджае, што галасаваньне адбылося на «дэмакратычных прынцыпах», а яўка склала 97,17% і свае галасы аддалі 3 362 052 чалавекі.

Пры гэтым 72,97% выбарнікаў, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, прагаласавалі за намесьніка старшыні кабінэта міністраў Туркмэністану Сердара Бердымухамедава, сына Гурбангулы Бердымухамедава, які кіраваў дзяржавай са сьнежня 2006 году да 19 лютага 2022-га.

Гурбангулы Бердымухамедаў фармальна заставаўся кіраўніком дзяржавы да абвяшчэньня вынікаў новых выбараў, якія сам жа 64-гадовы кіраўнік і прызначыў. Сын Сердар да таго быў другой асобай у дзяржаве пасьля бацькі, бо ў Туркмэністане прэзыдэнт адначасова кіруе і Кабінэтам міністраў.

Летась Сердару Бердымухамедаву споўнілася 40 гадоў — мінімальны ўзрост для выстаўленьня сваёй кандыдатуры на прэзыдэнцкія выбары ў краіне. Ён скончыў туркмэнскі сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «інжынэр-тэхноляг». Пачынаў кар’еру, працуючы ў Асацыяцыі харчовай прамысловасьці Туркмэністану. У 2008 годзе паехаў вучыцца ў дыпляматычную акадэмію МЗС Расеі і адначасова быў прызначаны дарадцам пасольства Туркмэністану ў Маскве. Скончыў вучобу ў 2011 годзе, а потым стаў студэнтам Жэнэўскага цэнтру палітыкі бясьпекі. Адначасова працаваў дарадцам у прадстаўніцтве Туркмэністану пры ААН.

Пасьля вяртаньня са Швайцарыі ў 2013 годзе прызначаны начальнікам аддзелу па эўрапейскіх краінах Міністэрства замежных спраў. Тады ж стаў намесьнікам дырэктара Дзяржаўнага агенцтва кіраваньня і выкарыстаньня вуглевадародных рэсурсаў.

У 2016-м Бердымухамедаў-малодшы стаў дэпутатам парлямэнту, а ў 2018-м — намесьнікам міністра замежных спраў, хаця Выбарчы кодэкс краіны забараняе дэпутатам займаць іншыя пасады. У студзені 2019 году Сердара прызначылі намесьнікам хякіма (кіраўніка) Ахалскага велаяту (адміністрацыйная адзінка, вобласьць у беларускіх найменьнях). Ужо праз паўгода Сердар Бердамухамедаў сам стаў хякімам.

У лютым 2020 году Сердара прызначылі міністрам прамысловасьці і будаўніцтва. Затым ён стаў старшынём Кабінэту міністраў.

Туркмэністан традыцыйна знаходзіцца на апошніх месцах у рэйтынгах свабоды прэсы і грамадзтва. Акрамя таго, Туркмэністан дзеліць з Руандай 2-е месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва (580 чалавек на 100 тысяч грамадзян). Больш толькі ў Злучаных Штатах (629). Паводле праваабаронцаў, многіх грамадзян Туркмэністану адпраўляюць за краты не за крымінальныя злачынствы, а за палітычныя перакананьні.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG