Паводле ўкраінскай выведкі, нават размова з намесьнікам камандуючага 58-й арміяй па вайскова-палітычнай працы не паўплывала на рашэньне гэтых вайскоўцаў.
Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны са спасылкай на зьвесткі ўкраінскай выведкі паведаміла, што салдаты з сэпаратысцкай Паўднёвай Асэтыі адмовіліся ад удзелу ў вайне Расеі супраць Украіны.
«Некалькі дзён таму амаль увесь асабовы склад адной з батальёна-тактычных груп (дзьве мотастралковыя роты і мінамётная батарэя), якія былі сфармаваныя са складу 4-й вайсковай базы Ўзброеных сіл РФ (в/ч 66431, Цхінвалі, Паўднёвая Асэтыя) і былі задзейнічаныя на Данецкім кірунку, адмовіліся ад удзелу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама адзначаецца, што расейскае кіраўніцтва замест крымінальнага перасьледу накладае дысцыплінарныя спагнаньні на вайскоўцаў, якія масава адмаўляюцца далучыцца да вайны Расеі супраць Украіны.
«Прычына — страх перад магчымым розгаласам рэальных настрояў у вайскоўцаў і бунтамі ў вайсковых частках», — тлумачаць украінскія выведнікі.
23 сакавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што, паводле іх інфармацыі, беларускія вайскоўцы адмаўляюцца ад удзелу ў агрэсіі супраць Украіны.
Генштаб Украіны паведаміў, што па стане на 31 сакавіка Расея страціла ў вайне супраць Украіны каля 17,5 тыс. вайскоўцаў. 29 сакавіка дзяржсакратар ЗША Вікторыя Нуланд заявіла, што, паводле ацэнак Вашынгтону, падчас вайны ва Ўкраіне загінулі больш за 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Расея прызнала 1350 сваіх забітых салдат.
На гэты момант незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні і страты сярод вайскоўцаў, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, немагчымая.