Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сумленьне дазваляе Андрэю спакойна спаць ды адчуваць сябе годным чалавекам». Журналіст Андрэй Кузьнечык сустрэўся на «Валадарцы» з жонкай


Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота

Праз 4 месяцы пасьля затрыманьня фрылансэру Свабоды Андрэю Кузьнечыку дазволілі спатканьні з жонкай і маці. Палітвязень трымаецца бадзёра, жартуе, дае парады сям’і, піша дзеткам новыя вершы. Крыху наракае на мясцовы «барбэршоп» і маларухомы лад жыцьця.

Завяршаецца сьледзтва ў справе фрылансэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка, якога 23 лістапада затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

«Расхвалявалася, нават сьлязу пусьціла»

Жонка Алеся кажа, што вельмі хвалявалася перад першым спатканьнем, перажывае, што забылася сказаць штосьці важнае.

«Перанэрвавалася ў першы раз. Малодшы сын Мацьвей не хацеў адпускаць, ён ня любіць заставацца безь мяне, становіцца ў дзьвярах, разводзіць ручкі і кажа: „Нець“. Пашкадавала, што ня выпіла заспакаяльных таблетак. Расхвалявалася, нават сьлязу пусьціла», — узгадвае Алеся.

А вось Андрэй быў надзвычай узважаны, спакойны. А можа, стараўся такім здавацца, мяркуе яна. Жанчыну вельмі ўразіла памяшканьне на «Валадарцы», дзе праходзяць спатканьні.

«Доўгі белы калідор з адсекамі — перамоўнымі, у якіх сьпераду і з бакоў даволі мутнае, пыльнае шкло, нязручная лаўка, празь якую трэба пералазіць. Сувязь адбываецца праз тэлефон. Яшчэ і краты наперадзе.

Мы нібыта і блізка сядзім адзін да аднаго, але чуваць дрэннавата. Гучна размаўляць неяк няёмка, а калі гаворыш ціха — суразмоўца не разьбярэ. Нам пашанцавала: мы размаўлялі нават больш за адведзеную гадзіну — на хвілін 10–15», — кажа жонка Андрэя Алеся.

«Думаю, сьледзтва блізкае да завяршэньня»

Паводле яе словаў, адвакатка Андрэя Кузьнечыка настроеная пазытыўна, кажа, што асаблівых падставаў, каб надоўга саджаць яго, няма. Алеся мяркуе так:

«Але каму гэта замінала? Андрэй — рэаліст, кажа, што будзе горш. Загадаў, каб яму больш цёмных рэчаў прыносілі, маўляў, у калёніі нельга сьветлае. Каб потым менш цягнуць з сабой пры пераезьдзе.

Думаю, сьледзтва блізкае да завяршэньня. Андрэй мяркуе, што на „Валадарцы“ будзе сядзець яшчэ пару месяцаў. Што будзе далей, невядома. Маці на спатканьні ён суцяшаў: калі пачуе прысуд на шмат гадоў, каб паверыла, што ён сядзець столькі ня будзе», — кажа Алеся.

Гаварылі пра справы. Андрэй дапамог жонцы парадамі, як падаваць дэклярацыю, якую трэба даслаць у падатковую да канца месяца.

«Патлумачыў, што ёсьць ільготы і на дзяцей, і на мяне — мне ніхто не казаў пра гэта. А Андрэй шмат разоў падаваў дэклярацыю, усё ведае.

Я ўзяла раздрукаваныя фота дзетак. Ён уважліва разглядаў, як дзеці падрасьлі. Пытаўся, як посьпехі ў вучобе ў Янкі. Вельмі перажывае, што дзеці растуць безь яго. Бо ён насамрэч шмат увагі і часу аддаваў сыну і дачушцы, гуляў зь імі ў актыўныя гульні, займаўся зь імі. Казаў, што працягвае пісаць ім вершы, адправіў чарговы, але мы яшчэ не атрымалі», — расказвае жонка.

«Скардзіўся, што праз лайдакоў у камэры ня кожны дзень удаецца падыхаць сьвежым паветрам»

Андрэй перажывае, што мала рухаецца. На волі ён штодня па шмат кілямэтраў езьдзіў на ровары. А за кратамі няма магчымасьці шмат рухацца, таму спачатку балелі цягліцы, — працягвае Алеся.

«Скардзіўся, што праз лайдакоў у камэры ня кожны дзень удаецца падыхаць сьвежым паветрам падчас прагулак. Прасіў даслаць практыкаваньні, для якіх ня трэба шмат месца. „Ёга табе патрэбная“, — казала я, — каб скручваўся на сьціслай прасторы».

Крыху наракаў на мясцовы «барбэршоп». Але ў цэлым кампанія добрая. Андрэя трымаюць у камэры 28 — у мэдычным адсеку, у іншых месца не было. Мы наперадавалі таблетак — ад нэрваў, для сну, ад ціску, а ён сказаў, што нічога ня п’е, ня трэба насіць. Сумленьне дазваляе Андрэю спакойна спаць ды адчуваць сябе годным чалавекам. Яшчэ і нас падтрымлівае«, — кажа жонка.

Андрэевы лісты з «Валадаркі» даходзяць, падобна, усе. А вось Алесіны — не. Яна іх нумаруе: адправіла ўжо 27, а Андрэй атрымаў толькі 20.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG