Генэральная пракуратура Ўкраіны і мэр Кіева Віталь Клічко пацьвердзілі інфармацыю пра выкраданьне мэра гораду Голая прыстань Херсонскай вобласьці Аляксандра Бабіча.
Паводле Клічко, у часе вайны ад 24 лютага расейскія акупанты выкралі 11 мэраў гарадоў і яшчэ восем муніцыпальных чыноўнікаў.
29 сакавіка таксама стала вядома, што ў Запароскай вобласьці расейскія вайскоўцы захапілі ўкраінскую журналістку Ірыну Дубчанку. Пра гэта паведаміў кіраўнік Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка. Яе вывезьлі ў Данецк «для правядзеньня сьледчых дзеяньняў». Ключавое абвінавачваньне, якое выставілі Дубчанцы — укрываньне дома цяжкапараненага ўкраінскага вайскоўца.
Інфармацыя пра выкраданьне Бабіча зьявілася 28 сакавіка. У той жа дзень стала вядома, што ў акупаваным горадзе Генічаску ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны расейцы выкралі дэпутата мясцовага гарсавету ад партыі «Слуга народа» Аляксея Канавалава. Пра гэта паведаміў першы намесьнік кіраўніка Херсонскай абласной рады Юры Сабалеўскі.
Канавалаў ехаў разам з жонкай у напрамку вёскі Генічаская Горка, расейскія вайскоўцы спынілі яго і праверылі дакумэнты. Сабалеўскі сьцьвярджае, што ў расейцаў ёсьць сьпіс людзей, якія іх цікавяць, і Канавалаў быў у гэтым сьпісе. У выніку дэпутата затрымалі, а ягоная жонка засталася на месцы.
У нядзелю прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў у інтэрвію брытанскаму выданьню The Economist, што некаторыя з выкрадзеных раней украінскіх палітыкаў былі знойдзеныя мёртвымі.