Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатолій Чубайс пакінуў сваю пасаду і выехаў з Расеі


Анатолій Чубайс
Анатолій Чубайс

Былы намесьнік прэм’ер-міністра Расеі Анатолій Чубайс, які апошнім часам займаў пасаду спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў пытаньнях устойлівага разьвіцьця, адмовіўся ад гэтай пасады і пакінуў Расею.

Пра гэта паведаміла Bloomberg, пішучы, што Чубайс спаслаўся на сваю нязгоду з вайной, якую Крэмль пачаў 24 лютага ва Ўкраіне. 66-гадовы чыноўнік стаў адной зь першых афіцыйных асобаў такога высокага ўзроўню, якія парвалі сувязі з Крамлём праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Пазьней інфармацыю пацьвердзілі прадстаўнікі Чубайса. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў сказаў, што Анатолій Чубайс «звольніўся па ўласным жаданьні».

«А зьехаў, ня зьехаў — гэта яго асабістая справа», — дадаў Пяскоў.

Паводле дадзеных «Коммерсанта», учора Чубайса бачылі ў Стамбуле.

66-гадовы Чубайс — адзін зь нешматлікіх эканамічных рэфарматараў 1990-х гадоў, якія засталіся ва ўладзе. Чубайса лічаць «архітэктарам» расейскай прыватызацыі 1990-х гадоў. У 1991–1994 гадах ён быў кіраўніком Дзяржаўнага Камітэту Расеі па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю, у 1992–1994 гадах — намесьнікам старшыні ўраду Расейскай Фэдэрацыі пры прэм'еру Віктару Чарнамырдзіну, затым кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта і міністрам фінансаў пры прэзыдэнту Барысу Ельцыну.

Брат Анатолія Чубайса — Ігар Чубайс пракамэнтаваў агенцтву РБК паведамленьне Bloomberg наступным чынам: «Не магу сказаць, ня ў курсе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG