Украіна заявіла, што ў палон узялі ня менш за 562 расейскіх вайскоўцаў. Многія ня хочуць вяртацца ў Расею

Палонны расейскі лётчык Максім Крыштоп падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, 11 сакавіка 2022 году
Палонны расейскі лётчык Максім Крыштоп падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, 11 сакавіка 2022 году

Улады Ўкраіны афіцыйна сьцьвярджаюць, што ў палоне ў краіне зараз знаходзяцца не менш за 562 расейскіх вайскоўцаў. Гэтую колькасьць назвала 19 сакавіка віцэ-прэм’ер Ірына Верашчук. Паводле яе слоў, «да ўсіх палонных адносяцца ў адпаведнасьці з міжнародным гуманітарным правам».

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней казаў аб тысячы расейцаў, узятых у палон. Верашчук падкрэсьліла, што афіцыйныя зьвесткі, відавочна, няпоўныя, і ацэнка Зяленскага можа быць блізкая да ісьціны.

Раней генэральны пракурор Украіны Ірына Венядыктава паведаміла, што ў краіне адкрыліся спэцыяльныя лягеры для ваеннапалонных. Гэта пацьвердзіла Верашчук. «Яны стаяць на забесьпячэньні і харчуюцца гэтак сама, як і нашы байцы. Палонных будуць тысячы. Аднак іх апытвалі, і яны кажуць, што не жадаюць вяртацца з палону ў Расею», — заявіла Верашчук.

Праверыць сьцьвярджэньні ўкраінскага боку аб расейскіх ваеннапалонных ва ўмовах актыўных баявых дзеяньняў не ўяўляецца магчымым. Расейскае Міністэрства абароны прызнавала, што палонныя ёсьць, але не называла нават прыблізнага ліку.

Лік украінскіх палонных, нават прыблізны, не паведамляе ніводзін з бакоў.

​
XS
SM
MD
LG