Правапіс вайны: «рф, кремль, путін, білорусь». Ва Ўкраіне пачалі пісаць з малой літары назвы, зьвязаныя з нападам Расеі

Дэманстрацыя мірных жыхароў у акупаваным Херсоне, 7 сакавіка 2022
Дэманстрацыя мірных жыхароў у акупаваным Херсоне, 7 сакавіка 2022

Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны апублікавала новыя нефармальныя правілы ўкраінскага правапісу на час вайны.

У прыватнасьці, міністэрства прапанавала пісаць з маленькай літары словы Расея, Крэмль, Пуцін. Такі правапіс цяпер выкарыстоўваюць большасьць урадавых структур і шэраг СМІ.

Некаторыя органы ўкраінскай улады і СМІ пачалі пісаць з маленькай і назву Беларусі, а іншыя замест «Білорусь» пішуць «білорусь» і «білорусія», такім чынам падкрэсьліваючы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі і беларускай дзяржавы ў расейскай вайне супраць Украіны.

Лукашэнку ж ва ўкраінскіх СМІ пераважна называюць самаабвешчаным кіраўніком Беларусі.

Урадавыя структуры такім чынам падтрымалі ініцыятыву вядомага ва Ўкраіне мовазнаўцы, аўтара школьных падручнікаў украінскай мовы і літаратуры Аляксандра Аўраменкі. У эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў ён сказаў, што такое напісаньне ня будзе памылкай:

«Папраўдзе ёсьць такое правіла, і яно гучыць так: прозьвішчы людзей і імёны, якія выкарыстоўваюць зьняважліва, пішуць з малой літары. І гэтае правіла даўняе, яно яшчэ з савецкіх часоў было ў нашым правапісе. Напрыклад, „гітлеры“, „пуціны“ мы можам спакойна пісаць з малой літары. Гэта адпавядае патрабаваньням дзейнага правапісу. А наконт назвы краіны, гэтага няма ў правапісе, але паводле аналёгіі, улічваючы сытуацыю ў краіне, я мяркую, можна прымяняць гэтае правіла і да яе», — патлумачыў філёляг.

На такі правапіс перайшла прэсавая служба Кабінэту Міністраў. У афіцыйных паведамленьнях Міністэрства абароны Ўкраіны і прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага такія правілы пакуль не выкарыстоўваюцца.

​
XS
SM
MD
LG