Як паведамляе агенцтва АР, Палата прадстаўнікоў прагаласавала «пераважнай большасьцю». Агенцтва паведамляе, што прэзыдэнт Джо Байдэн «увядзе больш высокія тарыфы на большую колькасьць тавараў і яшчэ больш аслабіць расейскую эканоміку ў адказ на яе ваенны напад на Ўкраіну».
Раней ЗША ўжо зрабілі крокі па спыненьні імпарту расейскіх нафты, звадкаванага прыроднага газу, морапрадуктаў, алькаголю і алмазаў. Сёньняшняе галасаваньне рыхтуе глебу для падаражэньня імпарту некаторых вырабаў са сталі, алюмінію і фанэры, а таксама іншых тавараў.
АР нагадвае, што шырокая акцыя, якая анулюе статус «найбольшага спрыяньня» для Расеі, робіцца ў каардынацыі з Эўрапейскім Зьвязам і краінамі Вялікай сямёркі. Галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў адбылося на другі дзень пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Кангрэс і саюзьнікаў ЗША зрабіць больш для стрымліваньня Расеі.
«Сёньня абедзьве партыі, дэмакраты і рэспубліканцы, па-ранейшаму адзіныя ў імкненьні накіраваць Пуціну ясны мэсыдж: за бесчалавечны гвалт, які ён чыніць над украінскім народам, яму давядзецца плаціць разбуральную цану, і сёньняшняе [галасаваньне] у ніжняй палаце — гэта для нас яшчэ адзін спосаб гэта ажыцьцявіць» — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр.
Чак Шумэр выказаў перакананьне, што Сэнат прыме закон «у бліжэйшыя тэрміны».
Для таго, каб закон быў прыняты канчаткова, ён павінен быць ухвалены Сэнатам і падпісаны прэзыдэнтам ЗША.