Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым захоўваць грошы і як выжыць у крызіс. Раяць эканамісты


У Беларусі праз напад Расеі на Ўкраіну рэзка вырас даляр, некаторыя прадпрыемствы спынілі працу. Сабралі парады сярод эканамістаў, як выжыць у крызіс.

Даляр у беларускіх абменьніках ужо па 3,75 рубля, а набыць яго ўсё складаней. Сабралі парады для беларусаў на выпадак вострага крызісу.

«Запас на чорны дзень у замежнай валюце»

Эканаміст Дзьмітры Крук прагназуе скарачэньні заробкаў і нават звальненьні на прадпрыемствах.

«Мяркую, што каля 10% рост цэнаў ужо адбыўся, і гэта толькі першы этап. Пакуль ня масава, але ёсьць затрымкі заробкаў. Значная частка людзей можа сутыкнуцца з затрымкай заробкаў, скарачэньнем заробкаў, у самым горшым выпадку можна сутыкнуцца і са звальненьнямі», — кажа эканаміст.

Ён раіць мець валютны запас на чорны дзень і называе паводзіны беларусаў, якія здымаюць валюту цяпер, рацыянальнымі. Бо гэтаму навучылі папярэднія дэвальвацыі.

«Шмат хто ўжо цяпер спрабуе перавесьці грошы ў валютны кэш. Такая стратэгія рацыянальная. Пытаньне, наколькі гэта дазваляе зрабіць сытуацыя. Спроба запасу „на чорны дзень“ у замежнай валюце — гэта таксама рацыянальны крок, бо магчымыя больш істотныя валютныя забароны і стварэньне паўнавартаснага „чорнага рынку“», — кажа Дзьмітры Крук.

Паводле старшага навуковага супрацоўніка BEROC, беларусы добра арыентуюцца, што рабіць у цяперашняй сытуацыі.

«Людзі скупляюць валюту, спрабуюць зьняць яе гатоўкаю, каб грошы ляжалі дома, а ня ў банку, некаторыя спрабуюць зьехаць», — пералічвае Леў Львоўскі прыклады паводзін беларусаў у цяперашні час, якія лічыць рацыянальнымі.

Дзьмітры Крук
Дзьмітры Крук

«Калі нехта прадае машыну ці нерухомасьць — варта пасьпяшацца»

Эканаміст Дзьмітры Крук раіць тым, хто цяпер у працэсе продажу нерухомасьці ці машыны, зрабіць гэта хутчэй.

«Калі нехта цяпер прадае машыну ці нерухомасьць, то варта гэта зрабіць хутчэй, калі ёсьць такая магчымасьць. Гэта відавочныя рэчы, і большасьць людзей гэта добра ўсьведамляе пасьля столькіх дэвальвацый», — кажа Дзьмітры Крук.

«Ня варта закупляцца ежай на гады»

Пры гэтым эканамісты кажуць, што зрабіць запас ежы больш, чым на 2 месяцы, амаль немагчыма.

«Калі рабіць запас ежы з аглядкай на рост цэнаў, то гэта магчыма толькі на пэўны пэрыяд, ежу на 2 месяцы наўрад ці закупіш. Цяпер гавораць пра харчовы крызіс, бо Ўкраіна — значны пастаўшчык харчовых прадуктаў. Для Беларусі гэта ня вельмі актуальна, бо беларускіх вытворцаў у харчовай галіне хапае, да голаду ня дойдзе, але будзе меншы выбар прадуктаў», — кажа Дзьмітры Крук.

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

Што да закупаў бытавой тэхнікі, то захоўваць грошы ў тэхніцы ня варта. Гэта азначае, што калі вам не патрэбны другі тэлевізар, не купляйце яго. Леў Львоўскі раіць набываць цяпер тэхніку толькі ў тым выпадку, калі гэта даўно было ў плянах.

«Калі зьбіраліся набыць, напрыклад, тэлевізар, то варта яго набыць, пакуль ён ня зьнік. Можа пашанцаваць, што нейкая крама яшчэ не зьмяніла цэны. Калі такой пакупкі не заплянавана, то ня варта цяпер набываць пяць тэлевізараў, наўрад ці іх удасца перапрадаць пасьля», — кажа Леў Львоўскі.

Таксама ён ня раіць зараз укладацца ў нерухомасьць.

«Мы не разумеем пакуль, якія цэны будуць на нерухомасьць празь нейкі час. Калі будынак недабудаваны, яго могуць і не дабудаваць, гэта ня самы надзейны актыў цяпер», — тлумачыць Леў Львоўскі.

«Калі даляраў і эўра няма зусім, грошы можна інвэставаць у каштоўныя мэталы»

Грошы магчыма пераводзіць і ў крыптавалюту, але гэта варыянт для тых, «хто добра ў гэтым разьбіраецца».

«Тут ёсьць асьцярога, і можна натрапіць на авантурыстаў. Таксама могуць быць рызыкі абмежаваньняў па краіне рэзыдэнцтва. Зноў жа, гэта шлях для тых, хто добра разьбіраецца ў гэтым. Таксама можна інвэставаць грошы ў каштоўныя мэталы, у залатыя зьліткі, у ювэлірныя ўпрыгожаньні», — раіць эканаміст Дзьмітры Крук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG