Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ГУБАЗіК стварае фэйкавыя тэлеграм-боты, каб лавіць людзей на жыўца». Як у Беларусі пачалі затрымліваць тых, хто гатовы дапамагаць Украіне


Сілавікі разганяюць пратэст у Менску. Першы ў чорнай кепцы — былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў
Сілавікі разганяюць пратэст у Менску. Першы ў чорнай кепцы — былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў

Праўладныя тэлеграм-каналы 14 сакавіка паведамілі пра затрыманьне 53-гадовага жыхара Докшыцаў Сяргея Грыбовіча. Ён праходзіць па двух крымінальных артыкулах: 130 КК (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці) і 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

У пакаянным відэа Грабовіч кажа, што запоўніў нейкую анкету ў тэлеграме. Беларускі батальён Кастуся Каліноўскага выступіў з заявай, што затрыманы ня зьвязваўся ані з кіраўніцтвам, ані з чальцамі батальёну.

«Калі вы знаходзіцеся на тэрыторыях Беларусі альбо Расеі — не выкарыстоўвайце сапраўдныя імёны, схавайце ад усіх свой нумар тэлефона, лепей — купіце новую сім-картку, нумар ад якой ня будуць ведаць нават вашыя сваякі. Добры крок — стварыць публічны тэлеграм-канал ды пісаць у чаце Батальёну ад яго імя (такім чынам немагчыма выкрыць ваш асабісты тэлеграм-акаўнт, яго ID ці ваш нумар тэлефона)», — гаворыцца ў заяве.

«Гэта правакацыя, а яны забароненыя»

Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіКу, а цяпер прадстаўнік ініцыятывы ByPol Аляксандар Азараў у інтэрвію Свабодзе расказаў пра цяперашнія мэтады працы сілавікоў.

«Да выбараў 2020 году практыкі стварэньня фэйкавых тэлеграм-ботаў не існавала

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

зусім. Першы такі бот ГУБАЗіК стварыў пад „Плян Перамога“. Яны запісвалі туды людзей, але доўгі час ня ведалі, што зь імі рабіць, толькі празь нейкі час сталі прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасьці», — кажа Азараў.

Тэлеграм-бот — гэта адмыслова створаны акаўнт у мэсэнджары Telegram, які выкарыстоўваецца для зваротнай сувязі. Так разам з асноўнымі акаўнтамі нейкіх ініцыятываў могуць стварацца падробкі, якія будуць адрозьнівацца ў напісаньні адной літарай ці знакам, каб заблытаць людзей, што туды пішуць.

«Фактычна гэта правакацыя. Калі падыходзіць паводле літары закону, то сілавікі самі ствараюць бот, а ў дзейнасьці чалавека няма складу злачынства. Правакацыі забароненыя. Павінен быць санкцыянаваны ў пракурора апэратыўны экспэрымэнт, каб стварыць такі бот. Пры нармальнай уладзе, ды нават да 2020 году, пракурор бы такую санкцыю не паставіў ніколі», — упэўнены Азараў.

Ён тлумачыць, што правакаваць, падштурхоўваць чалавека, каб ён парушаў дзейнае заканадаўства, забаронена. Ініцыятыва павінна паходзіць ад асобы, якая ідзе на злачынства, а не ад праваахоўных органаў.

«Калі ствараецца такі бот, то чалавека правакуюць на злачынства. Магчыма, ён нічога не зьбіраўся рабіць, але яму падсунулі гэтыя зьвесткі. Па вялікім рахунку, гэта парушэньне заканадаўства».

«Шукайце першакрыніцу»

Азараў кажа, што ByPol сапраўды зафіксаваў стварэньне фэйкавых акаўнтаў у тэлеграме для людзей, якія гатовыя рознымі спосабамі дапамагаць Украіне ў змаганьні з расейскай агрэсіяй.

«Першапачаткова былі створаныя два боты па дапамозе Ўкраіне — беларускага батальёну Кастуся Каліноўскага і ініцыятыва Вадзіма Пракоп’ева, менавіта яны зьяўляюцца вэрыфікаванымі. Больш ніякіх ботаў не існуе. Але ўжо нават незалежныя тэлеграм-каналы даюць чатыры боты, то бок некаторыя створаныя ГУБАЗіКам толькі дзеля таго, каб лавіць людзей на жыўца».

Самая важная парада, якую пакідае Аляксандар Азараў тым, хто хоча дапамагаць Украіне, — гэта шукаць першакрыніцу, ад якой паходзіць тая ці іншая прапанова. Калі гаворка ідзе пра «Батальён Кастуся Каліноўскага», то не паленавацца зайсьці на іх старонку ў тэлеграме і праверыць, ці аднолькавыя адрасы ботаў там і ў крыніцы, дзе вы знайшлі інфармацыю.

«З Азаронкам была тая ж схема»

Прадстаўнік ByPol успамінае, што па падобнай схеме сілавікі працавалі падчас гісторыі з «замахам» на вядучага СТБ Рыгора Азаронка.

«Дзейныя супрацоўнікі органаў выйшлі на прадстаўнікоў адной тэлеграм-супольнасьці з прапановай зьдзейсьніць напад на Азаронка. Яны атрымалі згоду, а пасьля гэтага падбіралі ў чаце людзей, гатовых паўдзельнічаць у апэрацыі. У выніку арыштавалі ўсіх, хто пагадзіўся, а вось тыя людзі, якія прапаноўвалі гэта ўсё, арганізоўвалі, проста зьніклі і растварыліся».

Няма дакладных дадзеных, колькі ж людзей было затрымана праз фэйкавы акаўнт «Пляну Перамога», але гаворка пра дзясяткі асоб.

«Першапачаткова ня ведалі, што рабіць зь імі. Доўга думалі, затрымліваць пачалі, можа, праз паўгода. Раіліся, магчыма, з пракуратурай, як тут мухляваць, каб падвесьці людзей пад крыміналкі. Праз фэйкавы акаўнт тым, хто запісаўся, сталі прыходзіць мабілізацыйныя прадпісаньні нешта забраць. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу рабілі нейкія адмысловыя закладкі, пры спробе забраць людзей затрымлівалі», — тлумачыць Азараў.

«Толькі ГУБАЗіК. Нават КДБ такім не займаецца»

Экс-сілавік кажа, што ўнутры ГУБАЗіКу зацікаўленыя ў большай колькасьці крымінальных справаў.

«Яны жывуць думкай, як болей арыштаваць людзей. Ад ранку да вечара пра гэта думаюць, каб стаць лідэрамі ў сваёй палачнай сыстэме».

У суразмоўцы не ўзьнікае сумневаў, што стварэньнем фэйкавых ботаў у тэлеграме займаецца толькі ГУБАЗіК.

«У іншых структур свае справы. Нават КДБ такім не займаецца, бо ў КДБ няма палачнай сыстэмы, і іх ня дужа цікавіць колькасьць крымінальных спраў для справаздачы».

Што ж такое «палачная сыстэма»?

«Чым болей завядуць крымінальных спраў, тым лепей. У іх ёсьць падвядзеньне вынікаў пэрыяду, дзе называюцца лічбы, колькі было заведзена за справаздачны пэрыяд, параўноўваюць з ранейшым, фіксуюць рост. Яшчэ спаборнічаюць, у каго болей крымінальных спраў. Там 12 упраўленьняў, разьбіраюць месцы. У каго найгоршыя паказьнікі, тое кіраўніцтва выклікаюць „на дыванок“».

Палітычнымі справамі займаецца ў асноўным 3-е ўпраўленьне ГУБАЗіКу, але па буйных распрацоўках ці для правядзеньня вобшукаў, прыцягваюць людзей і зь іншых упраўленьняў, падсумоўвае Аляксандар Азараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG