Супрацоўніцу расейскага тэлеканалу судзяць за антываенны плякат у праграме «Время». Яе бароніць былы беларускі адвакат

Супрацоўніцу расейскага тэлеканалу, якая ўварвалася ў жывы эфір з антываенным плякатам, судзяць па адміністрацыйнай справе.

У Астанкінскім раённым судзе Масвквы пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі Марыны Аўсяньнікавай, якая выбегла з пратэставым плякатам за сьпіной тэлевядучай у эфіры Першага канала.

Пра гэта «Новой Газете» паведамілі ў прэс-службе суду. Суд разглядае адміністрацыйнае правапарушэньне на падставе ч. 2 арт. 20.2 КаАП РФ (арганізацыя няўзгодненага публічнага мерапрыемства).

Вечарам 14 сакавіка супрацоўніца Першага каналу Марына Аўсяньнікава ў эфіры праграмы «Время» зрабіла антываенную акцыю. Яна стала за тэлевядоўцай Кацярынай Андрэевай і разгарнула антываенны плякат, на якім было напісана: «No war. Остановите войну. Не верьте пропаганде. Здесь вам врут. Russians against war».

Андрэева ў гэты момант расказвала аб плянах ураду дзеля зьмякчэньня наступстваў ад заходніх санкцый. Праз кароткі час рэжысэры перапынілі эфір кадрамі з загадзя падрыхтаванага сюжэту. Аўсяньнікаву затрымалі. Доўгі час аб яе месцазнаходжаньні не было ніякіх зьвестак.

15 сакавіка раніцай прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце асабіста падзякаваў Аўсяньнікавай за яе ўчынак.

«Я ўдзячны расейцам, якія не спыняюць спроб данесьці праўду... і асабіста той дзяўчыне, якая ўвайшла ў студыю Першага каналу з плякатам супраць вайны. Тым, хто не баіцца пратэставаць, пакуль яшчэ ваша краіна не закрылася ад усяго сьвету. Вы мусіце змагацца, вы павінны ня страціць свайго шанцу», — заявіў ён.

Марыю Аўсяннікаву, якая выбегла з антываенным плякатам у эфіры Першага канала, у судзе будзе абараняць адвакат Антон Гашынскі, паведаміла «Медуза». Антон Гашынскі — былы беларускі адвакат, пазбаўлены ліцэнзіі на радзіме і атрымаў новую ліцэнзію ў Расеі.

Марына Аўсяньнікава
Марына Аўсяньнікава

​
XS
SM
MD
LG