Пажары ў аточаным расейскім войскам Марыюпалі, 14 сакавіка
Сацыялягічная група «Рэйтынг» правяла апытаньне грамадзян Украіны аб стаўленьні да агрэсіі Расеі, перамоў зь ёй, а таксама да інтэграцыі ў NATO.
Паводле вынікаў апытаньня, 56% апытаных назвалі зьнішчэньне ўкраінскага народу галоўнай мэтай агрэсіі Расеі. Яшчэ палова апытаных лічаць, што мэта нападу — акупацыя Ўкраіны і далучэньне да Расеі.
«Толькі 15-17% думаюць, што Расея хоча зьмяніць палітычны курс Украіны і не дапусьціць разьмяшчэньня базаў NATO. Яшчэ 10% лічаць, што матывам зьяўляецца зьнішчэньне вайсковай інфраструктуры, а 5% — правакаваньне NATO на вайну. Тых, хто лічыць, што мэтай уварваньня Расеі ёсьць абарона расейскамоўных, усяго 2,2%», — паведамілі сацыёлягі.
Рэальным шляхам завяршэньня вайны 64 % украінцаў назвалі пошук кампрамісаў на перамовах з удзелам іншых краін, амаль траціна апытаных выступаюць за адмову ад перамоў і за працяг барацьбы за вызваленьне ўсіх тэрыторый. Толькі 1% украінцаў лічаць, што Ўкраіна мусіць пагадзіцца на большасьць патрабаваньняў Расеі.
Апроч таго, украінцы цяпер зусім не гатовыя аддаваць Расеі Крым і Данбас: 86 % перакананыя, што Ўкраіна мусіць выкарыстаць усе магчымасьці, каб вярнуць часова акупаваныя тэрыторыі Данбасу і 80 % — Крым. І ў гэтым перакананыя жыхары ўсіх рэгіёнаў. Цяпер гэты паказьнік істотна большы, чым быў у даваенны пэрыяд.
Сацыёлягі ўпершыню пачалі фіксаваць зьніжэньне прыхільнасьці ўкраінцаў да ўступу ў NATO. Падтрымка гэтага курсу зьнізілася за апошнія 2 тыдні з рэкордных 76% до 72%. Асноўная прычына гэтага — адсутнасьць рашэньня аб закрыцьці неба над Украінай, якога патрабуюць амаль 90% украінцаў.