Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк паведаміў аб пачатку чацьвёртага раўнду перамоў з Расеяй. Ён праходзіць у рэжыме відэаканфэрэнцыі.
«Перамовы. Чацьвёрты раўнд. Пра мір, спыненьне агню, тэрміновы вывад усіх войскаў і гарантыі бясьпекі. Цяжкая размова. Расея хаця і ўсьведамляе ўсю абсурднасьць сваіх агрэсіўных дзеяньняў, аднак застаецца ў ілюзіі, што 19-дзённы гвалт над мірнымі гарадамі — правільны выбар стратэгіі», — напісаў Міхайла Падаляк на сваёй старонцы ў Twitter.
Пазьней Падаляк апублікаваў фотаздымак з перамоўнага пакою і напісаў:
«Бакі актыўна выказваюць свае пазыцыі, ужо ўдакладненыя. Камунікацыя цяжка, але прасоўваецца. Прычына адрозьненьняў у тым, што ў нас вельмі розныя палітычныя сыстэмы. Украіна — гэта свабодны дыялёг у грамадзтве і абавязковы кансэнсус. Расея — гэта ўльтыматыўнае падаўленьне ўласнага грамадзтва».
Першы раўнд перамоваў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі прайшоў на беларуска-ўкраінскай мяжы 28 лютага. Да посьпеху бакі не прыйшлі, але дамовіліся сустрэцца другі раз. Пасьля трэцяй сустрэчы яны пачалі праходзіць у рэжыме відэаканфэрэнцый.
Беспасьпяхова закончылася і сустрэча міністраў замежных спраў Украіны і Расеі Дзьмітра Кулебы і Сяргея Лаўрова, якая праходзіла 10 сакавіка ў Антальлі. Сустрэча была арганізавана Турэччынай, на ёй прысутнічаў кіраўнік турэцкага МЗС Мэўлют Чавушаглу.