Пасьведчаньне відэажурналіста Брэнта Рэно, знойдзенае пасьля яго забойства, 13 сакавіка 2022
У Ірпяні Кіеўскай вобласьці расейскія войскі застрэлілі былога журналіста выданьня New York Times, грамадзяніна ЗША Брэнта Рэно.
Як паведаміла паліцыя Кіеўскай вобласьці, ён разам са сваім калегам рыхтавалі матэрыял аб эвакуацыі мірных жыхароў з Ірпяня ў раёне падарванага Раманаўскага моста.
Ягонага калегу шпіталізавалі ў кіеўскую лякарню «Охматдет», але той толькі пазьней дазнаўся, што 51-гадовы Рэно загінуў.
Як паведаміла рэдакцыя New York Times, Рэно да 2015 году ўключна супрацоўнічаў з выданьнем, але цяпер ніякіх заданьняў рэдакцыі не выконваў, нягледзячы на наяўнасьць у яго пасьведчаньня.
Дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван назваў забойства расейскімі вайскоўцамі ў Ірпені амэрыканскага журналіста шакавальным і жахлівым.
Пра гэта 13 сакавіка паведаміла журналістка The New York Times Кэці Роджэрс.
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліванназваў забойства амэрыканскага журналіста ва Ўкраіне расейскімі сіламі «шакавальным і жахлівым», паабяцаўшы сачыць за інцыдэнтам і «адпаведна рэагаваць».
Раней на гэтым тыдні ў Барышаўцы на ўсход ад Кіева быў паранены журналіст украінскай службы Радыё Свабода Мар’ян Кушнір. Па словах рэпартэра, ракетны або авіяўдар быў нанесены каля 3 гадзін ночы 11 сакавіка ў Барышаўцы. У выніку гэтага ўдару засталіся ахвяры. Першую дапамогу карэспандэнту Радыё Свабода аказалі вайсковыя і барышаўскія мэдыкі.