Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: беларускага аўтара Вікіпэдыі Марка Бэрнштэйна арыштавалі на 15 сутак

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Бэрнштэйна затрымалі 11 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС Беларусі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў — на просьбу ФСБ Расеі.

На 15 сутак нібыта за «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў» (арт. 24.3 КаАП) арыштавалі 56-гадовага Марка Бэрнштэйна, IT-спэцыяліста, папулярызатара інтэрнэт-энцыкляпэдыі Wikipedia.оrg, які ўваходзіць у топ яе аўтараў на расейскай мове.

Марк Бэрнштэйн — аўтар Вікіпэдыі і блогер. Уваходзіў у сьпіс топ-50 найлепшых аўтараў Вікіпэдыі ў расейскамоўным сэгмэнце.

Бэрнштэйна затрымалі 11 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле інфармацыі праваабаронцаў — на запыт ФСБ Расеі. Фатаграфія затрыманага была разьмешчана з прыпіскай «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы».

10 сакавіка 2022 году расейскі праўладны telegram-канал апублікаваў асабістыя зьвесткі жыхара Менску Бэрнштэйна і абвінаваціў яго ў парушэньні новага расейскага закона аб публікацыі «фэйкавых наві»н. Канал заявіў, што рэдагаваньне Бэрнштэйнам артыкулаў Вікіпэдыі аб уварваньні Расеі ва Ўкраіну парушае новы закон, які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленыя волі.

Допіс з фатаздымкамі затрыманага Марка Бернштэйна і відэа зьявіліся ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКу, які цяпер заблякаваны. На адным з каляжаў з подпісам «Дэанон» былі прыведзеныя пэрсанальныя зьвесткі Бернштэйна: тэлефон, адрасы старонак у сацыяльных сетках, дата нараджэньня і месца працы. Побач яго фота і надпіс: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы».

Марк Бернштэйн
Марк Бернштэйн

На відэа Бернштэйн ляжыць на падлозе тварам долу і называе сваё імя і месца працы.

Марка Бернштэйна затрымалі ў Беларусі на запыт расейскага ФСБ, паведаміў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».

Ён вядомы пад псэўданімам Pessimist2006 як адзін з самых актыўных рэдактараў Вікіпэдыі (больш за 200 тысяч правак яго аўтарства). Стала вядома, што затрыманьне адбылося на наступны дзень пасьля публікацыі ў пракрамлёўскім ТГ-канале інфармацыі пра тое, што Марк падпадае пад закон «аб фэйках», які набыў моц у РФ на мінулым тыдні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG