Расейскія войскі скінулі бомбу на Сьвятагорскую праваслаўную лаўру, ёсьць параненыя

Сьвятагорская лаўра да бамбаваньня
Сьвятагорская лаўра да бамбаваньня

12 сакавіка ў 22:00 расейцы нанесьлі авіяўдар па Свята-Ўсьпенскай Сьвятагорскай лаўры ў Данецкай вобласьці. Авіяцыйная бомба выбухнула за 50 мэтраў ад моста, які злучае правы і левы берагі ракі Северскі Данец, што знаходзіцца ля ўезду ў лаўру.

Падчас баёў у горадзе Сьвятагорску Данецкай вобласьці 12 сакавіка пашкодзілі будынкі Ўсьпенскай Сьвятагорскай лаўры, дзе знаходзіліся манахі і ўцекачы. Выбітыя дзьверы і вокны, ёсьць параненыя, паведамляе сайт Украінскай праваслаўнай царквы.

«Як адзначылі ў Святагорскай лаўры, 12 сакавіка падчас абстрэлу гораду з-за выбуху выбуховага прыстасаваньня каля манастыра ад выбуховай хвалі было пашкоджана памяшканьне лаўры, дзе пражывалі брація манастыра і шматлікія ўцекачы».

Амаль усе шыбы былі выбітыя, будынкі разбураныя ў рознай ступені.

Ад сілы выбуху ў храмах лаўры вылецелі аконныя рамы. У гатэлі лаўры выбуховай хваляй былі выбіты ўсе вокны і дзьверы. Некалькіх параненых даставілі ў лякарню ў Сьвятагорск, астатнім перавязалі раны ў манастыры. Нікога не забілі. У ноч з 12 на 13 сакавіка ўсіх уцекачоў і манахаў эвакуавалі ў манастырскія сутарэньні.

Цяпер у Сьвятагорскай лаўры знаходзіцца 520 уцекачоў, у тым ліку 200 дзяцей. У горадзе Сьвятагорску каля 10 тысяч уцекачоў і мясцовых жыхароў. Кіраўніцтва лаўры паведамляе, што на тэрыторыі манастыра і гораду някіх вайсковых фармаваньняў не было.

Як паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Паўло Кірыленка, усю ноч расейскія самалёты і артылерыя наносілі ўдары па поўначы Данецка.

У Сьвятагорску ў выніку выбуху былі пашкоджаны два пакоі Святагорскай лаўры, у якіх знаходзілася каля тысячы чалавек, у тым ліку «больш за 200 дзяцей», сказаў Кірыленка. Таксама былі разбураныя некалькі будынкаў дзіцячага абласнога аздараўленчага цэнтра «Жамчужына Данеччыны».

«Адзін чалавек шпіталізаваны, двое самастойна паехалі ў рэанімацыю ў Славянску; яшчэ 30 чалавек, якія атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджаньні, атрымалі дапамогу на месцы. Пашкоджаная інфраструктура вакол лаўры, пашкоджана прыватная ўласнасьць», — напісаў кіраўнік данецкай адміністрацыі.

З-за налёту расейскай авіяцыі ў Данецкай вобласьці ў ноч на 13 сакавіка пашкодзілі эвакуацыйны цягнік Краматорск-Львоў. Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін быў паранены.

​
XS
SM
MD
LG