Харкаў абстрэльвалі ўсю ноч: разбураны сотні жылых будынкаў, ёсьць ахвяры

Разбомблены расейцамі будынак унівэрсытэту Каразіна ў Харкаве, 2 сакавіка 2022
Разбомблены расейцамі будынак унівэрсытэту Каразіна ў Харкаве, 2 сакавіка 2022

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заявіла, што расейскія вайскоўцы працягваюць мэтанакіравана зьнішчаць інфраструктуру Харкава і руйнаваць жылыя кварталы.

У выніку шматлікіх наземных і паветраных абстрэлаў зруйнавалі больш за 280 жылых будынкаў, 26 школаў і 23 дзіцячыя садкі, піша МУС Украіны.

У ведамстве адзначылі, што ёсьць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, але колькасьць не ўдакладнілі.

У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый паведамілі, што мінулую ноч абстрэльвалі і навакольле Харкава. У невялікай вёсцы Слабажанскае Ізюмскага раёну снарад трапіў у прыватны будынак. Пад заваламі загінулі чатыры асобы — дзьве жанчыны і двое дзяцей. 5-гадовай дзяўчынцы ўдалося выратавацца, але яна атрымала моцныя траўмы.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

​
XS
SM
MD
LG