Расейскія войскі ўначы абстрэльвалі Харкаў, Марыюпаль і Ахтырку

Украінскія вайскоўцы каля спаленай расейскай тэхнікі ў Харкаве
Украінскія вайскоўцы каля спаленай расейскай тэхнікі ў Харкаве

Марыюпаль, а таксама шэраг гарадоў Сумскай вобласьці, знаходзяцца на мяжы гуманітарнай катастрофы.

Мінулай ноччу расейскія войскі «працягвалі абстрэлы Харкава, Марыюпалю і Ахтыркі, а таксама рабаваньне Трасьцянца». Паводле апэратыўных зьвестак, цяпер расейцы хочуць прарвацца ў Лубны, а з другога боку — на Канеўскую ГЭС. Пра гэта ў эфіры United News паведаміў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка, піша Укрінформ.

«Вельмі складаная сытуацыя ў шэрагу гарадоў Сумскай вобласьці, асабліва ў Ахтырцы і Трасьцянцы. Гэта гарады, дзе амаль няма электрычнасьці, водазабесьпячэньня. Гэтыя гарады сапраўды знаходзяцца на мяжы гуманітарнай катастрофы. У Трасьцянцы расейцы разрабавалі практычна ўсе крамы. Толькі дзякуючы намаганьням мясцовых фэрмэраў пякуць хлеб і бясплатна раздаюць яго людзям», — сказаў Дзенісенка.

Складаная сытуацыя ў Марыюпалі ў тым, што горад таксама знаходзіцца на мяжы гуманітарнай катастрофы.

«Учора ў Кіеве было адносна спакойна. Але мы разумеем, што на подступах да сталіцы сканцэнтравана велізарная армада расейскай тэхнікі. Сытуацыя ў Ірпяні, Бучы і Гастомлі надзвычай складаная», — падкрэсьліў Дзенісенка.

5 сакавіка плянаваўся гуманітарны калідор, які б дазволіў вывезьці мірнае насельніцтва з Марыюпалю і Валнавахі, аднак правесьці эвакуацыю не ўдалося, нягледзячы на прысутнасьць супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, бо баі і абстрэлы працягнуліся.

Расейскі бок сьцьвярджаў, што эвакуацыя не адбылася, бо ўкраінскія войскі «скарысталіся рэжымам цішыні для ўмацаваньня сваіх пазыцыяў» і нібыта не пусьцілі цывільных грамадзянаў праз калідоры бясьпекі.

​
XS
SM
MD
LG