Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Росавиация» рэкамэндавала кампаніям абмежаваць рэйсы за мяжу. «Аэрофлот» прыпыніў усе міжнародныя палёты


Самалёты ў аэрапорце Шарамацьева
Самалёты ў аэрапорце Шарамацьева

Фэдэральнае агенцтва «Росавиация» рэкамэндавала расейскім авіякампаніям прыпыніць усе грузавыя і пасажырскія рэйсы за мяжу, піша «Интерфакс» са спасылкай на заяву ведамства.

Рэкамэндацыя выклікана «высокай ступеньню рызыкі затрыманьня або арышту паветраных караблёў расейскіх авіякампаніяў за мяжой», заявілі ў «Росавиации».

Абмежаваньні не закрануць перавозьнікаў, якія эксплюатуюць самалёты замежнай або расейскай рэгістрацыі бяз рызыкі затрыманьня або арышту, а таксама авіякампаніі краін, якія не далучыліся да санкцыяў супраць Расеі. Палёты расейскіх перавозьнікаў унутры краіны працягваюцца без абмежаваньняў.

Неўзабаве пасьля публікацыі рэкамэндацыяў кампанія «Аэрофлот» аб’явіла аб прыпыненьні ўсіх рэйсаў за мяжу (з выняткам Беларусі) з 8 сакавіка. З 6 сакавіка кампанія перастане пускаць на міжнародныя рэйсы пасажыраў зь білетамі ў абодва бакі, калі зваротны рэйс заплянаваны на даты пасьля 8 сакавіка. Пасажыраў зь білетамі ў адзін бок будуць выпускаць з Расеі да моманту спыненьня палётаў.

Абмежаваньні таксама закрануць міжнародныя кірункі авіякампаніяў «Россия» і «Аврора».

Павышаная рызыка арышту паветраных суднаў зьвязаная з санкцыямі, якія многія краіны ўвялі супраць Расеі пасьля ўварваньня ва Украіну 24 лютага. У прыватнасьці, ЗША і краіны Эўразвязу абвясьцілі аб закрыцьці неба для расейскіх самалётаў; кампаніі Airbus і Boeing спынілі абслугоўваць самалёты расейскіх кампаній і пастаўляць запасныя часткі ў Расію; ад працы з расейскімі перавозьнікамі адмовіліся і некаторыя кампаніі, якія здаюць самалёты ў лізінг.

Як піша The Bell, абмежаваньні на палёты не азначаюць аўтаматычнага скасаваньня міжнародных авіязносінаў з Расеяй. Рызыкі арышту паветраных судоў можна ўнікнуць, да прыкладу, паставіўшы на міжнародныя рэйсы самалёты расейскай вытворчасьці (перш за ўсё Sukhoi Superjet 100), а замежныя самалёты перавесьці на ўнутрырасейскія лініі. Пры гэтым магчымасьць эксплюатацыі SSJ абмежаваная далёкасьцю палёту (каля 3 тыс. км у стандартнай вэрсіі) і колькасьцю месцаў (98 месцаў у базавым кампанаваньні).

Выданьне таксама мяркуе, што замежныя авіяперавозьнікі павялічаць колькасьць рэйсаў у Расею. Аднак у кожным разе міжнародных рэйсаў з Расеі неўзабаве стане істотна менш.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG