Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галадаць ня будзем, але жыць станем горш». Што адбываецца ў беларускай эканоміцы


Прадукты ў беларускіх крамах
Прадукты ў беларускіх крамах

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Захад увёў эканамічныя санкцыі для Крамля. Беларусі таксама дасталося.

Пакуль што самым заўважным эфэктам ад пачатку вайны ў Беларусі стала дэвальвацыя нацыянальнай валюты больш чым на 10% , якая адбылася ў пятніцу 25 лютага. Афіцыйны курс рубля з прыкладна 2,6 за даляр вырас да 3 рублёў і пакуль трымаецца прыкладна на гэтай адзнацы. Пералічваем, што ў беларускай эканоміцы яшчэ зьмянілася за гэтыя дні.

Цэны ў крамах

Як паведамілі чытачы Свабоды, літаральна за некалькі дзён значна вырасьлі цэны на садавіну і гародніну, у першую чаргу з-за мяжы. «Бананы каштавалі 4 рублі, а цяпер каштуюць 5 альбо 5.50», — гаворыцца ў адным з паведамленьняў. Прыкладна такія ж цэны цяпер і ў папулярных онлайн-крамах.

Як зьмяніліся кошты
Як зьмяніліся кошты

Рэзка і значна падаражэлі пэўныя віды электронікі. «iPhone 13 тыдзень таму каштаваў 2300 рублёў, зараз ужо 3100 і больш», — напісаў яшчэ адзін чытач. Яго словы пацьвярджаюцца зьвесткамі онлайн-крамаў.

Цэны на аўтамабілі

Яны аўтаматычна вырасьлі пасьля дэвальвацыі рубля. Аднак закранулі ня толькі аўтамабілі, якія пастаўляюць у Беларусь з-за мяжы, але і беларускага вырабу. Гэта перадусім аўтамабілі кітайскай маркі Geely, якія зьбіраюць на заводзе паміж Жодзінам і Барысавам.

Як паведамляе сайт onliner.by, цэны на новыя аўтамабілі Geely некалькіх мадэляў вырасьлі ў сярэднім на 10 тысяч рублёў (каля 12% ад агульнай цаны). Паводле выданьня, беларускі завод часова прыпыніў пастаўкі новых машын у Расею, якая была асноўным рынкам збыту для беларускага прадпрыемства. Сярод прычын называюць няпэўнасьць на рынку.

Крэдыты

Пра падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня з 9,5 да 12% стала вядома 28 лютага. Ад гэтага паказьніку залежыць большасьць ставак крэдытаў і дэпазытаў. Падвышэньне стаўкі адразу на 2,5% (раней яна, як правіла, зьмянялася на 0,5% за адзін раз) пацягнула за сабой павелічэньне сумаў, якія беларусы мусяць выплаціць з узятых раней крэдытаў.
Шэраг камэрцыйных банкаў перастаў выдаваць крэдыты ўвогуле. Спачатку гэта закранула толькі крэдыты на нерухомасьць, а з 1 сакавіка «Альфа-банк», «Сбербанк» і некалькі іншых цалкам спынілі крэдытныя праграмы. Расейскі ВТБ-Банк спыніў ня толькі крэдытаваньне, але і магчымасьць разьлічвацца на раты.

Belarus -- Як зьмяніліся кошты ў Беларусі
Belarus -- Як зьмяніліся кошты ў Беларусі

Валюта ў банках і банкаматах

Афіцыйны курс беларускага рубля да даляра спыніўся на ўзроўні 3,09 рубля за даляр. Аднак на 4 сакавіка многія камэрцыйныя банкі прадаюць даляр ужо за 3,5 рубля, а набываюць за 3,1. Пры гэтым у банкаматах складана знайсьці ня толькі валюту, але часта і беларускія рублі. Як расказаў Свабодзе адзін з жыхароў Менску, ён спрабаваў абмяняць рублі на даляры цягам двух дзён, але так і ня змог.

Як зьмяніліся курсы валют
Як зьмяніліся курсы валют

«Хацеў купіць некалькі соцень даляраў, маю рублі, — кажа суразмоўца. — У банкамаце свайго банку („Прыорбанк“. — РС) ня змог, там не было валюты. Эўра таксама не было. Хадзіў у абменьнікі, абышоў некалькі. Там валюты таксама няма, касіры кажуць, што ўсю хутка людзі раскупляюць».

Такая сытуацыя не паўсюль. Як расказалі Свабодзе іншыя жыхары Менску і некалькіх абласных цэнтраў, купіць даляры і эўра магчыма, аднак зусім не паводле курсу Нацыянальнага банку.

Таксама ў грамадзян Беларусі перастаюць працаваць плястыкавыя карткі, робіцца немагчыма скарыстацца замежнымі інтэрнэт-сэрвісамі, цэны на авіяквіткі вырасьлі ў разы. Істотна патаньнела толькі арэнда жыльля ў Менску. Як кажуць рыэлтары, гэта выклікана массавым ад’ездам «айцішнікаў» і іншых спэцыялістаў за мяжу.

«Ужо ня будзе магчымасьці абыходзіць санкцыі»

«Падзеі зараз зьмяняюцца вельмі хутка і пераважна ў горшы бок для нашай эканомікі, — кажа старэйшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC Леў Львоўскі. — Але цяжка дакладна сказаць, ці нас чакае, напрыклад, паўтарэньне крызысу 1998 году. Трэба яшчэ ацаніць наступствы санкцыяў».

Паводле экспэрта, новыя эканамічныя санкцыі, якія чакаюць Беларусь, можна ўмоўна разьдзяліць на тры катэгорыі. Гэта ўзмацненьне ўжо наяўных (для калійнай і тытунёвай вытворчасьці, напрыклад), новыя санкцыі (закрануць мэталюргічную вытворчасьць, вытворчасьць гумы і драўніны — агулам 2% ВУП Беларусі), а трэцяя катэгорыя — нават не санкцыі, а наступствы. Гэта, напрыклад, страта 3 мільярдаў даляраў у год, якія раней прыносіў Беларусі гандаль з Украінай.
Экспэрт сумняецца, што адносіны з суседзямі ўдасца захаваць на ранейшым узроўні, нават калі Беларусь так і не адправіць сваіх вайскоўцаў на ўкраінскую зямлю.

«Будзем глядзець на практыку стасаваньня санкцыяў, — дадае Львоўскі. — Але нешта мне падказвае, што гэтым разам яна будзе самай што ні ёсьць жорсткай. То бок ужо ня будзе такога, што, маўляў, мы знойдзем спосаб абыходзіць санкцыі, а ўсе астатнія будуць заплюшчваць на гэта вочы».

Леў Львоўскі таксама кажа, што ўплываць на Беларусь будуць і санкцыі, якія Захад накладае на Расею.

«Расея — наш галоўны эканамічны партнэр, — кажа экспэрт. — Гэта азначае, што санкцыі супраць Расеі перакладуцца і на нашу эканоміку. Расейцы змогуць набываць нашмат менш нашых тавараў».

Леў Львоўскі таксама кажа пра так званую супэртаксічнасьць беларускай эканомікі і беларускіх прадпрыемстваў для партнэраў.

«Індыя ня так даўно мерылася набываць беларускі калій, праблема была толькі ў транспартаваньні, — расказвае экспэрт. — Раней санкцыі былі з боку Эўразьвязу, ЗША. А зараз мы бачым новую рэальнасьць — асобныя карпарацыі і кампаніі адмаўляюцца нешта набываць у Расеі і Беларусі альбо нешта прадаваць. І яны зусім не гатовыя разьбірацца, што і куды. Днямі зьявілася інфармацыя, што праблемы ўзьніклі нават у казахстанскіх прадпрымальнікаў, якія гандлявалі праз расейскія парты. Іхныя партнэры проста адмаўляюцца працаваць паводле схемы, куды ўключаныя расейскія транспартныя кампаніі. І няважна, што гэта казаскія тавары».

«Калі Пуцін дасьць Лукашэнку 10 мільярдаў, то гэтага хопіць на год»

«Думаю, крызіс хутка адчуе кожны беларус, але па-свойму, — кажа Львоўскі. — Калі ў вас была кампанія, якая працавала з іншаземцамі, вы куплялі запчасткі альбо фурнітуру для сваёй вытворчасьці, то вам неўзабаве перастануць усё гэта адгружаць. Альбо вы ня зможаце заплаціць за пастаўкі, бо ня будзе замежных пераводаў. А калі вы куплялі нешта на „Аліэкспрэсе“, то ўжо, відаць, сутыкнуліся з тым, што гэта робіцца немагчымым. Нехта падпісваўся на Netflix ці любіў хадзіць у кіно на прэм’еры, той таксама хутка ўсё адчуе на сабе. Супрацоўнікі экспартных прадпрыемстваў адчуюць».

З словаў экспэрта, эфэктыўнасьць дзеяньня санкцыяў большасьць беларусаў адчуе за 1-2 месяцы. Сытуацыя моцна адаб’ецца на магчымасьці беларусаў падарожнічаць, купляць тавары з замежнымі складнікамі.

«Галадаваць ня будзем, хадзіць голымі таксама, — гаворыць Леў Львоўскі. — Пакуль што. А вось жыць горш, менш камфортна і бядней — будзем. Зьнізяцца заробкі. Калі вы прывыклі купляць адзеньне замежных брэндаў, вашае жыцьцё пагоршыцца. Калі раз на 10 гадоў куплялі сабе Volkswagen, то зараз гэта будзе цяжка зрабіць. Калі прывыклі кампутар абнаўляць рэгулярна і канкрэтнай маркі — таксама. Усё гэта будзе, але даражэй».

Паводле Льва Львоўскага, такая сытуацыя можа зацягнуцца надоўга. Экспэрт прызнае, што частку новых санкцыяў можна было б «старгаваць» пры умове, што Лукашэнка захоча і зможа гэта зрабіць.

«Дапусьцім, ён скажа рашучае „не“ Ўладзіміру Пуціну і закрые мяжу Беларусі з Украінай, тым самым дапаможа Ўкраіне. Тады імаверна, што сытуацыя можа моцна памяняцца. Санкцыі ж ня ўводзяць зусім без умоваў. Яны канкрэтна датычаць вайны. Гэтаксама як і ранейшыя уводзілі не каб пакараць Лукашэнку, а каб ён спыніў міграцыйны крызыс, арышты палітвязьняў альбо нешта іншае. Але тут пытаньне, ці хоча гэтага Аляксандар Лукашэнка і ці здольны ён на гэта».

Леў Львоўскі таксама дапускае, што Беларусь можа атрымаць дапамогу ад Расеі за дазвол выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну.

«Можна уявіць, што Пуцін паабяцаў Лукашэнку 10 мільярдаў даляраў, — кажа Львоўскі. — Ну, на год Беларусі гэтага хопіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG