Зяленскі: «Калі Ўкраіна ня выстаіць, краіны Балтыі будуць наступнымі»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі 3 сакавіка заклікаў краіны Захаду павялічыць вайсковую дапамогу Ўкраіне, заявіўшы, што ў адваротным выпадку Расея будзе наступаць і на астатнюю Эўропу.

«Калі Украіна ня выстаіць, то, ня дай Бог, Латвія, Літва, Эстонія будуць наступнымі. Паверце мне», — заявіў Зяленскі.

Ён зноў заклікаў Уладзіміра Пуціна да наўпроставых перамоваў, падкрэсьліўшы, што гэта «адзіны спосаб спыніць вайну».

«Толькі не за 30 мэтраў, як з Макронам, Шольцам і гэтак далей. Я ж сусед! Мяне ня трэба за 30 мэтраў трымаць. Я не кусаюся. Я нармальны мужык. Сядзь са мной, пагавары, чаго ты баісься? Мы нікому не пагражаем, мы не тэрарысты», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

Уладзімір Пуцін у гэты час праводзіў нараду з чальцамі Савету бясьпекі. Сустрэчу Пуцін пачаў са словаў аб тым, што «ўкраінскія нэанацысты» прыкрываюцца мірнымі жыхарамі, «так ваявалі толькі фашысты».

Паводле яго, «спэцыяльная апэрацыя» ва Ўкраіне ідзе строга паводле пляну, усе пастаўленыя задачы вырашаюцца. Сем’ям загінулых салдатаў будзе выплачаная дапамога па 5 млн расейскіх рублёў, параненым — па 3 мільёны.

​
XS
SM
MD
LG