Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ можа прыняць рашэньне аб адключэньні беларускіх банкаў ад SWIFT заўтра


SWIFT
SWIFT

Аб гэтым паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

SWIFT — гэта міжнародная сыстэма перадачы інфармацыі і ажыцьцяўленьня выплатаў паміж банкамі. Абрэвіятура расшыфроўваецца як Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunication — Супольнасьць усясьветных міжбанкаўскіх фінансавых камунікацыяў.

Сыстэму заснавалі ў 1973 годзе, а першым яе кліентам быў бэльгійскі прынц Альбэрт, які скарыстаўся яе паслугамі ў кастрычніку 1977-га. Штаб-кватэра месьціцца ў горадзе Ля-Юльп каля Брусэлю. Усе ўдзельнікі падзеленыя на дзьве зоны: эўрапейскую, якую абслугоўваюць у Нідэрляндах, і трансатлянтычную, цэнтар якой у ЗША.

Да гэтай сыстэмы падлучаная большасьць банкаў ва ўсім сьвеце, апроч Паўночнай Карэі і часткі банкаў Ірану.

Што будзе, калі адключаць SWIFT

Калі краіну адключаць ад SWIFT, яе грамадзяне страцяць магчымасьць адпраўляць грошы ў замежжа і атрымліваць іх адтуль. Таксама людзі за мяжой ня змогуць разьлічвацца там карткамі Mastercard и VISA з сваіх банкаўскіх рахункаў у адключанай кріане.

У выніку чакаецца абвал курсу валюты адключанай краіны, а наступнай хваляй будзе падзеньне вартасьці акцыяў, асабліва банкаў і фінансавых кампаніяў. Бізнэс страціць магчымасьць фінансавых апэрацыяў з замежнымі партнэрамі, што паўплывае як на экспарт, гэтак і на імпарт. Вынікам апошняга будзе недахоп тавараў замежнай вытворчасьці.

Чаму некаторыя краіны сумняваюцца ў мэтазгоднасьці адключэньня Расеі ад SWIFT

Нямеччына выказала сумнеў у мэтазгоднасьці адключэньня Расеі ад SWIFT, паведаміла DW. Паводле афіцыйнага прадстаўніка ўраду Нямеччыны Штэфэна Гэбэштрайта, аналягічнай пазыцыі трымаліся Італія і Францыя. Прычыны — тэхнічныя складанасьці самой апэрацыі адключэньня, працяглы час, які яна зойме, а таксама нэгатыўныя наступствы для Эўропы.

Каго адключалі ад SWIFT раней

Сыстэмай SWIFT карыстаюцца банкі амаль усіх краін сьвету. Адлучаюць ад яе ня ўсю краіну адразу, а паасобныя банкі. На сёньня ад SWIFT адлучаныя банкі Паўночнай Карэі і пэўныя банкі Ірану (з 2008 году). Банкі Паўночнай Карэі абвінавацілі ў фінансаваньні стварэньня зброі масавага зьнішчэньня, а банкі Ірану — у фінансаваньні тэрарызму.

Ранейшыя пагрозы адключэньня Беларусі ад SWIFT

У прынятай у чэрвені 2021 рэзалюцыі Эўрапарлямэнту наконт Беларусі (прычынай была прымусовая пасадка самалёту Ryanair у траўні), сярод іншага, быў заклік разгледзець магчымасьць адключэньня беларускіх банкаў ад платнай сыстэмы SWIFT. Аднак гэтага не зрабілі.

Ці ёсьць альтэрнатывы SWIFT

Альтэрнатывы SWIFT існуюць. Так, свае аналягічныя сыстэмы маюць Кітай і Расея, але гэтыя сыстэмы не настолькі пашыраныя і маюць пэўныя абмежаваньні.

У сьнежні 2021 паведамлялі, што ўсе беларускія банкі падключыліся да сыстэмы перадачы фінансавых паведамленьняў Цэнтральнага банку Расеі, расейскага аналягу SWIFT.

Як паведамляла РИА Новости, інтэграцыя сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў уваходзіць у адну з 28 «саюзных праграмаў», якія Лукашэнка і Пуцін зацьвердзілі летась у лістападзе.

Сыстэма перадачы фінансавых паведамленьняў зьявілася ў адказ на першую хвалю антырасейскіх санкцыяў у 2014 годзе, пад якую трапіў і шэраг банкаў. Гэтым Масква хацела засьцерагчыся ад магчымых праблемаў у разе адключэньня SWIFT. Банкі падлучаюцца да сыстэмы, падпісаўшы адпаведныя дамовы з Цэнтрабанкам Расеі.

Раней зьявілася інфармацыя, што G7 зьбіраецца адключыць пэўныя расейскія банкі ад SWIFT. Краіны «сямёркі» разьлічваюць, што гэты крок абмяжуе здольнасьць банкаў «дзейнічаць у глябальным маштабе»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG