Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына падтрымала адключэньне Расеі ад SWIFT. Цяпер усе краіны ЭЗ «за»

«Тэхнічная падрыхтоўка да рашэньня і рэалізацыі гэтай санкцыі ўжо пачалася», — пацьвердзіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Раней прыйшлі паведамленьні, што за адключэньне Расеі ад міжнароднай сыстэмы перадачы інфармацыі і выплатаў паміж банкамі SWIFT выказаліся Грэцыя, Італія, Францыя, Кіпр, Польшча, іншыя краіны.

«Адключэньне SWIFT — гэта пытаньне вельмі кароткага часу, некалькіх дзён», — цытуе Reuters кіраўніка цэнтральнага банку адной з краін эўразоны, які папрасіў не называць яго імя.

«Ці дастаткова гэтага? Не. Ці трэба гэта? Абсалютна. Санкцыі маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі ёсьць выдаткі для абодвух бакоў, і гэта будзе дорага», — дадаў кіраўнік банку.

SWIFT — гэта міжнародная сыстэма перадачы інфармацыі і ажыцьцяўленьня выплатаў паміж банкамі. Абрэвіятура расшыфроўваецца як Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunication — Супольнасьць усясьветных міжбанкаўскіх фінансавых камунікацыяў.

Сыстэму заснавалі ў 1973 годзе, а першым яе кліентам быў бэльгійскі прынц Альбэрт, які скарыстаўся яе паслугамі ў кастрычніку 1977-га. Штаб-кватэра месьціцца ў горадзе Ля-Юльп каля Брусэлю. Усе ўдзельнікі падзеленыя на дзьве зоны: эўрапейскую, якую абслугоўваюць у Нідэрляндах, і трансатлянтычную, цэнтар якой у ЗША.

Да гэтай сыстэмы падлучаная большасьць банкаў ва ўсім сьвеце, апроч Паўночнай Карэі і часткі банкаў Ірану.

Што будзе, калі Расею адключаць ад SWIFT

Калі Расею адключаць ад SWIFT, яе грамадзяне страцяць магчымасьць адпраўляць грошы ў замежжа і атрымліваць іх адтуль. Таксама расейцы за мяжой ня змогуць разьлічвацца там карткамі Mastercard и VISA з сваіх банкаўскіх рахункаў у Расеі. Але гэта толькі першае наступства. Экспэрты кажуць, што адключэньне прывядзе да падзеньня курсу рубля да даляра мінімальна на 10%.

Наступнай хваляй будзе падзеньне вартасьці акцыяў, асабліва банкаў і фінансавых кампаніяў. Нарэшце, паколькі расейскія банкі будуць пазбаўленыя трансакцыяў з замежжам, расейскі бізнэс страціць магчымасьць фінансавых апэрацыяў з замежнымі партнэрамі, што паўплывае як на экспарт, гэтак і на імпарт. Вынікам апошняга будзе недахоп тавараў замежнай вытворчасьці.

Меншыя, хоць і заўважныя, наступствы будуць, калі ад SWIFT адключаць ня ўсю банкаўскую сыстэму, а толькі частку банкаў.

Чаму некаторыя краіны сумняваюцца ў мэтазгоднасьці адключэньня Расеі ад SWIFT

Нямеччына выказала сумнеў у мэтазгоднасьці адключэньня Расеі ад SWIFT, паведаміла DW. Паводле афіцыйнага прадстаўніка ўраду Нямеччыны Штэфэна Гэбэштрайта, аналягічнай пазыцыі трымаюцца Італія і Францыя. Прычыны — тэхнічныя складанасьці самой апэрацыі адключэньня, працяглы час, які яна зойме, а таксама нэгатыўныя наступствы для Эўропы.

Каго адключалі ад SWIFT раней

Сыстэмай SWIFT карыстаюцца банкі амаль усіх краін сьвету. Адлучаюць ад яе ня ўсю краіну адразу, а паасобныя банкі. На сёньня ад SWIFT адлучаныя банкі Паўночнай Карэі і пэўныя банкі Ірану (з 2008 году). Банкі Паўночнай Карэі абвінавацілі ў фінансаваньні стварэньня зброі масавага зьнішчэньня, а банкі Ірану — у фінансаваньні тэрарызму.

Пагрозы адключэньня Беларусі ад SWIFT

У прынятай у чэрвені 2021 рэзалюцыі Эўрапарлямэнту наконт Беларусі (прычынай была прымусовая пасадка самалёту Ryanair у траўні), сярод іншага, быў заклік разгледзець магчымасьць адключэньня беларускіх банкаў ад платнай сыстэмы SWIFT. Аднак гэтага не зрабілі.

Ці ёсьць альтэрнатывы SWIFT

Альтэрнатывы SWIFT існуюць. Так, свае аналягічныя сыстэмы маюць Кітай і Расея, але гэтыя сыстэмы не настолькі пашыраныя і маюць пэўныя абмежаваньні.

У сьнежні 2021 паведамлялі, што ўсе беларускія банкі падключыліся да сыстэмы перадачы фінансавых паведамленьняў Цэнтральнага банку Расеі, расейскага аналягу SWIFT.

Як паведамляла РИА Новости, інтэграцыя сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў уваходзіць у адну з 28 «саюзных праграмаў», якія Лукашэнка і Пуцін зацьвердзілі летась у лістападзе.

Сыстэма перадачы фінансавых паведамленьняў зьявілася ў адказ на першую хвалю антырасейскіх санкцыяў у 2014 годзе, пад якую трапіў і шэраг банкаў. Гэтым Масква хацела засьцерагчыся ад магчымых праблемаў у разе адключэньня SWIFT. Банкі падлучаюцца да сыстэмы, падпісаўшы адпаведныя дамовы з Цэнтрабанкам Расеі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG