Пісьменьнік Стывэн Кінг напісаў, што заўсёды трэба заступацца за таго, хто слабейшы, нават калі ёсьць рызыка самому «атрымаць пару разоў».
Сьпявачка Мадонна выступіла ў падтрымку Ўкраіны і параўнала Пуціна з Гітлерам.
Салідарнасьць з народам Украіны выказалі прынц Гары і ягоная жонка Мэган Маркл.
Экаактывістка Грэта Тунбэрг падзялілася фота зь мітынгу каля амбасады Расеі з плякатам «Мы з Украінай».
Пяціразовы алімпійскі чэмпіён па лыжных гонках Ёханэс Клеба асудзіў баявыя дзеяньні і адмовіўся ехаць у Расею на фінал Кубку сьвету.
Ягоны прыклад паўтарылі іншыя спартоўцы, у тым ліку чатырохразовы чэмпіён сьвету ў гонках «Формула-1» Сэбастыян Фэтэль, піша РБК.
Расейскія атлеты ня вельмі актыўна выказваліся наконт уварваньня ва Ўкраіну. А нападнік «Спартака» Аляксандар Собалеў спачатку напісаў у Інстаграме «„Не“ вайне» з эмодзі ў выглядзе сьцягоў Расеі і Ўкраіны, але празь некалькі гадзін свой пост выдаліў.