Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет у падтрымку Ўкраіны падчас галасаваньня ў Заслаўі (Менская вобласьць) 27 лютага
Пікет у падтрымку Ўкраіны падчас галасаваньня ў Заслаўі (Менская вобласьць) 27 лютага

Рэфэрэндум-2022: беларусы выйшлі з пратэстам — 500 затрыманых. Хроніка дня

абноўлена

27 лютага ў Беларусі праходзіць рэфэрэндум аб Канстытуцыі, прапанаванай Лукашэнкам. Пры гэтым праваабаронцы заяўляюць пра шматлікія парушэньні ў працэсе галасаваньня. Улады не адкрылі ўчасткаў за мяжой, пазбавіўшы права галасаваць сотні тысяч грамадзян. У самой краіне антываенны пратэст.

17:14 27.2.2022

Кабінкі-прыбіральні ў Познані. ФОТА

Пратэстуючы супраць таго, што ЦВК Беларусі нібыта праз каранавірусныя абмежаваньні (у Польшчы пераважна зьнятыя) не дазволіў адкрыць замежныя ўчасткі для галасаваньня, мясцовая беларуская дыяспара правяла «альтэрнатыўнае галасаваньне». Перш ва ўлётках на беларускай і польскай мовах растлумачылі сэнс падзеі, а затым паставілі кабінку ў выглядзе драўлянай вясковай прыбіральні ў чырвона-зялёных колерах.

Пэрфоманс
Пэрфоманс
Кабінка-прыбіральня
Кабінка-прыбіральня

16:57 27.2.2022

ЦВК: прагаласавалі ўжо 69,84% выбарнікаў

Цэнтравыбаркам апублікаваў афіцыйную інфармацыю ўладаў, згодна зь якой у рэфэрэндуме ўжо цяпер прынялі ўдзел 69,84% выбарнікаў.

  • · Віцебская вобласьць — 74,91%
  • · Магілёўская вобласьць — 74,04%
  • · Берасьцейская вобласьць — 71,24%
  • · Горадзенская вобласьць — 70,55%
  • · Гомельская вобласьць — 70,52%
  • · Менская вобласьць — 69,41%
  • · Менск — 62,22%
16:51 27.2.2022

Улады пачалі пагражаць крымінальнай адказнасьцю за пратэсты супраць вайны

Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальныя справы за «грубае парушэньне грамадзкага парадку, супраціў праваахоўнікам і заклікі да такіх дзеяньняў», паведамляе «Вясна».

«Цяпер затрыманыя больш за 10 арганізатараў, якія заклікалі да экстрэмісцкіх дзеяньняў. З падазраванымі працуюць сьледчыя. Іх дзеяньням дадзена праўная ацэнка», гаворыцца ў паведамленьні СК.

16:34 27.2.2022

Вулічны пратэст у Менску працягваецца

16:28 27.2.2022

За просьбы паказаць пратаколы выклікалі міліцыю

Магілёўскія праваабаронцы паведамілі, што на ўчастку для галасаваньня ў СШ № 9 пасьля просьбы выбарнікаў паказаць пратаколы з вынікамі датэрміновага галасаваньня чальцы камісіі выклікалі на іх міліцыю. Прыехалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Цімур Пархоменка і, як вынікае з апісаньня, Васіль Карніенка. Абышлося без затрыманьняў. Магілёўцы выказалі сілавікам незадаволенасьць удзелам Беларусі ў вайне з Украінай, пасьля чаго бакі разышліся.

16:18 27.2.2022

34 затрыманыя

Колькасьць затрыманых за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне вырасла да 34 чалавек. Беларускія міліцыянты працягваюць нападаць на ўсе пікеты, якія адбываюцца ў розных гарадах.

16:05 27.2.2022

Калёна людзей выйшла на вуліцу. ВІДЭА

Па адной з сталічных вуліц ідзе калёна людзей з украінскім сьцягам і скандуе антываенныя лёзунгі.

16:03 27.2.2022

У Менску затрымалі Вольгу Калацкую

Гэта, праўдападобна, адбылося каля аднаго з выбарчых участкаў у сталіцы.

Перакладніцу раней каралі — за поўху, якую яна дала прапагандысту Грыгорыю Азаронку. Затрымалі 15 студзеня 2021 году падчас заняткаў ангельскай мовай з вучнямі. Калацкую зьвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Потым яго зьмянілі на арт. 339 («Хуліганства»).

15:55 27.2.2022

Затрыманьне каля Вечнага агню ў Баранавічах

Плякат з надпісам «НЕТ ВОЙНЕ» на адзіночным пікеце стаў прычынай яшчэ аднаго затрыманьня, на гэты раз у Баранавічах. Затрыманы малады хлопец. Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманых ужо 20.

15:47 27.2.2022

Кветкі да пасольства Ўкраіны

Плот пасольства Ўкраіны ў Менску ўвесь завешаны кветкамі. Дзень таму кветкі былі тут толькі на браме.

15:41 27.2.2022

Ціханоўская заклікала пікетаваць Генэральны штаб а 17-й

Апазыцыйны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, якая раней заявіла пра стварэньне пераходнага кабінэту, заклікала да мітынгу каля Генэральнага штабу на вуліцы Камуністычнай, 1 у Менску. На ім мае быць выстаўлена патрабаваньне беларускім афіцэрам спыніць рух войскаў ва Ўкраіну ў падтрымку Пуціна і расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Адначасова з гэтым кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка заклікаў беларускіх афіцэраў не выконваць злачынных загадаў Лукашэнкі, які падтрымаў Пуціна ў вайне супраць Украіны. На гарады паўднёвых суседзяў зь беларускай тэрыторыі ляцелі ракеты. Бамбаваньні разбуралі стратэгічныя аб'екты і жылыя дамы, гінулі людзі, у тым ліку малыя дзеці.

15:38 27.2.2022

На 15:30 ужо 12 затрыманых

Праваабаронцы апублікавалі сьпіс 12 імёнаў затрыманых сілавікамі за антываенныя пратэсты і заклікі да Лукашэнкі сысьці. Сьпіс абнаўляецца, затрыманьні працягваюцца, аднак людзі не адыходзяць ад участкаў.

15:15 27.2.2022

Бюлетэнь з патрабаваньнем свабоды Ігару Лосіку

Чытач Свабоды даслаў у рэдакцыю здымак надпісу, які ён зрабіў на бюлетэні, патрабуючы свабоды кансультанту Радыё Свабода Ігару Лосіку, асуджанаму рэжымам Лукашэнкі на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Чалавек запатрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Патрабаваньне свабоды Ігару Лосіку
Патрабаваньне свабоды Ігару Лосіку

За кратамі цяпер таксама журналісты Свабоды Андрэй Кузьнечык і Алег Грузьдзіловіч. На Кузьнечыка завялі крымінальную справу, а Грузьдзіловіч ужо чакае суду.

15:06 27.2.2022

У Горадні прайшоў адзіночны пікет

Дзяўчыну, якая яго правяла, затрымалі.

15:05 27.2.2022

Напружаньне расьце

На адным з участкаў адбылася штурханіна зь міліцыянтамі.

15:02 27.2.2022

Затрыманьне ў Магілёве

Каля Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчовых і хімічных тэхналёгіяў (былы МДУХ) супрацоўнікі АМАП затрымалі і павезьлі ў невядомым кірунку пажылую жанчыну.

Таксама сілавікі адагналі ад будынку ўнівэрсытэту, дзе разьмяшчаецца ўчастак для галасаваньня, пару зь дзецьмі.

14:57 27.2.2022

Затрыманьне за сьцяг Украіны

Ніякім заканадаўствам сьцяг Украіны не забаронены. Але сілавікі затрымалі хлопца за тое, што ён прыйшоў зь ім на выбарчы ўчастак на вуліцы Чурлёніса ў Менску.

14:44 27.2.2022

На ўчасткі пад’​яжджае АМАП

Менчукі паведамляюць, што да некаторых школ у Каменнай Горцы, дзе сабраліся людзі, ужо пад’ехаў АМАП. Аднак людзі не разьбягаюцца — спакойна адыходзяць за плот і надалей стаяць.

14:43 27.2.2022

Спроба затрыманьня побач з участкам. ВІДЭА

На відэа трапіла спроба сілавікоў затрымаць чалавека за антываенны пратэст.

14:40 27.2.2022

Затрыманьні ў Горадні

Міліцыянты правялі затрыманьні ў Горадні, дзе людзі адмаўляліся адысьці ад выбарчага ўчастку.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG