Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вачах Захаду «чырвоную лінію» Лукашэнка ўжо пераступіў, — палітоляг

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы 18 лютага 2022 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы 18 лютага 2022 году

Беларускі палітоляг Андрэй Елісееў адказвае на пытаньне, як мяняе сытуацыю заява Сьвятланы Ціханоўскай; разважае, ці прызнаюць на Захадзе беларускі ўрад у выгнаньні, і тлумачыць, чаму Беларусь ужо фармальна можна лічыць агрэсарам.

Сьцісла:

  • З гледзішча міжнароднага права Беларусь набывае статус краіны-агрэсара.
  • Заява Ціханоўскай на гэтым этапе набывае нават большы сэнс.
  • Шэраг заходніх урадаў зь цягам часу могуць прызнаць і падтрымаць урад у выгнаньні Ціханоўскай.
  • Рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН 3314 пералічвае сем канкрэтных дзеяньняў, якія кваліфікуюцца як акт агрэсіі, у тым ліку дазвол на выкарыстаньне сваёй тэрыторыі іншай краіне.

— Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе абавязкі прадстаўніка беларускага народу і стварае пераходны кабінэт. Як гэтая заява мяняе палітычную сытуацыю ў Беларусі?

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

— На маю думку, гэтая заява з практычнага гледзішча мае больш міжнародны складнік, а не ўнутрыпалітычны. Калі зьвесткі пра заход расейскіх войскаў і ўжываньне тэхнікі з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны сапраўдныя, а фактычнае кіраўніцтва краіны адназначна не абвяшчае, што такія дзеяньні замежная краіна (Расея) зьдзейсьніла бязь ейнага ведама і згоды, то з гледзішча міжнароднага права Беларусь набывае статус краіны-агрэсара. Выглядае, што заява, перакладаючы адказнасьць за агрэсіўныя дзеі ў дачыненьні Ўкраіны асабіста на Лукашэнку і ставячы пад пытаньне ягоную легітымнасьць, імкнецца залагодзіць міжнародны статус краіны-агрэсара, які вымалёўваецца для Беларусі.

— Некаторыя чакалі ад Сьвятланы Ціханоўскай прыблізна такую заяву нашмат раней і крытыкавалі яе за тое, што яна не рабіла яе. Ці выбраны для гэтага слушны час, калі на фоне вайны такая заява можа быць ня ўсімі заўважаная?

— Пастфактум выглядае, што падобная заява ад Ціханоўскай сапраўды выглядала б дачаснай на ранейшым этапе. Відавочна, што да яе падштурхнула эпахальная падзея з агрэсіяй супраць Украіны. Калі разглядаць такую заяву не праз унутрыпалітычную, а замежнапалітычную прызму, то яна на гэтым этапе набывае нейкі новы сэнс.

— З другога боку, натуральна, што час для такой заявы насьпеў. Ціханоўская заяўляе, што беларусы, якія ў большасьці прагаласавалі за яе, не зьяўляюцца саюзьнікамі агрэсара, які напаў на Ўкраіну. Ці можа гэтая заява спыніць украінцаў ад нэгатыўных выказваньняў у адрас беларусаў, ці будуць яны здольныя ў гарачыні падзеяў падзяляць беларускіх грамадзянаў і нелегітымны рэжым Лукашэнкі?

— Залежыць, як далей будзе разьвівацца сытуацыя, але большасьць украінцаў, пэўна, усьведамляе такую розьніцу. Гэтаксама і ўкраінскія ўлады яе падкрэсьлівалі, ставячы пад пытаньне легітымнасьць Лукашэнкі пасьля выбараў 2020 году.

— Міжнародны аспэкт. Ці будзе штаб Ціханоўскай прапаноўваць прызнаць менавіта яе пераходны кабінэт у якасьці легітымнага ўраду Беларусі ў выгнаньні? Ці пойдуць заходнія ўрады на такі крок?

— Калі штаб Ціханоўскай будзе выступаць з падобнай ініцыятывай, думаю, што шэраг заходніх урадаў (наўрад ці ўсе) з цягам часу могуць падтрымаць такое прызнаньне. Наколькі з таго будзе вялікі практычны ці сымбалічны сэнс, будзе вельмі залежаць ад разьвіцьця падзеяў.

-- Ці зьменіцца стаўленьне да Лукашэнкі з боку заходніх урадаў пасьля рашэньня Ціханоўскай? Яго і зараз не прызнаЮць легітымным, але для Украіны і Захаду важней было б, каб беларускае войска не ўступіла ў вайну на баку Расеі. Дзеля гэтага магчымыя нейкія часовыя сітуацыйныя кантакты з Лукашэнкам?

— Пры факталягічным пацьверджаньні скарыстаньня беларускай тэрыторыі для атакі расейскіх войскаў у вачах Захаду чырвоную лінію што да Ўкраіны Лукашэнка ўжо пераступіў. Рэзалюцыя 3314 Генэральнай Асамблеі ААН пералічвае сем канкрэтных дзеяньняў, якія кваліфікуюцца як акт агрэсіі, у тым ліку дазвол на скарыстаньне сваёй тэрыторыі іншай краіне для зьдзяйсьненьня агрэсіўных дзеяньняў гэтай самай краінай супраць другой краіны.

Наўрад ці можна гаварыць, што само сабой рашэньне Ціханоўскай выкліча нейкую зьмену стаўленьня да Лукашэнкі з боку заходніх краінаў. Яно, хутчэй, спрабуе падкрэсьліць для міжнароднай супольнасьці розьніцу паміж Лукашэнкам, з аднаго боку, і беларускім народам як носьбітам сувэрэнітэту Беларусі, з другога.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG