Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен (зьлева) і кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль. Архіўнае фота
Кіраўнікі Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай рады выступілі з супольнай заявай з нагоды агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Яны назвалі рашэньне Расейскай Фэдэрацыі аб прызнаньні самастойнымі суб’ектамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны і ўвядзеньне туды расейскіх войскаў незаконным і непрымальным і анансавалі пакет санкцыяў.
Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы вонкавых сувязяў Пэтэр Стана анансаваў сёньняшнюю нефармальную сустрэчу міністраў замежных справаў Эўразьвязу, якія маюць узгадніць першы пакет санкцыяў супраць Расеі.
«Санкцыі будуць нацэленыя:
на тых, хто меў дачыненьне да незаконнага рашэньня,
на банкі, якія фінансуюць расейскія ваенныя ды іншыя апэрацыі на гэтых тэрыторыях,
на магчымасьці расейскага ўраду атрымаць доступ да эўрапейскіх фінансавых рынкаў і паслугаў — каб абмежаваць фінансаваньне агрэсіўнай палітыкі,
на магчымасьці гандлю двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў у межах ЭЗ».
Мэта санкцыяў — гарантаваць, што «вінаватыя ясна адчуюць наступствы сваіх незаконных і агрэсіўных дзеяньняў», — гаворыцца ў заяве.
Кіраўніцтва эўрапейскіх структураў заяўляе аб гатоўнасьці прыняць надалей дадатковыя захады, калі гэта будзе неабходным у сьвятле далейшага разьвіцьця падзеяў.