Да людзей падыходзяць, просяць у іх пашпарты, пасьля чаго садзяць у аўтобусы і вязуць на пункты збору для далейшай адпраўкі ў войска. Рэйды па мужчын прызыўнога ўзросту таксама праходзяць па кватэрах, паведамляюць «Донбас. Реалии», якім удалося пагаварыць з жыхарамі сэпаратысцкіх утварэньняў Данбасу на ўмовах ананімнасьці.
Усеагульная мабілізацыя ў «ДНР» і «ЛНР» была аб’яўлена 19 лютага. Кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін зьвярнуўся да ўсіх мужчын, якія жывуць на тэрыторыі сэпаратыстаў і «здольныя трымаць у руках зброю», з заклікам абараніць «свае сем’і, Данбас і ўсіх расейскіх людзей».
У суботу дэпутаты «ДНР» таксама сабраліся на надзвычайнае паседжаньне, дзе прынялі пастанову аб мабілізацыі.
Аналягічны зварот выпусьціў і кіраўнік «ЛНР» Пасечнік. Жыхары паведамляюць, што з «ЛНР» забаронена выяжджаць усім мужчынам ва ўзросьце ад 18 да 55 гадоў, а па кватэрах мясцовым жыхарам разносяць позвы аб «усеагульнай мабілізацыі». Вайскоўцам таксама дазволена канфіскоўваць у грамадзян і прадпрыемстваў неабходныя для патрэб абароны транспартныя сродкі і маёмасьць. У мясцовых пабліках ідзе хваля абурэньня гэтымі патрабаваньнямі.
Таксама людзей сталі бамбаваць SMS-паведамленьнямі з заклікамі «стать на защиту своего дома и отечества».
Плякаты аналягічнага зьместу таксама вывесілі на вуліцах Данецку:
«Прыяжджаюць па дамах і мужчын забіраюць сілай. У Тэльманаве (пасёлак гарадзкога тыпу ў Данецкай вобласьці пад кантролем „ДНР“ з насельніцтвам каля 4 тысяч чалавек) усіх хлопцаў забралі, жанчына на рынку толькі што расказала, — піша адзін з жыхароў „ДНР“. — Нашы знаёмыя распавялі, што апекуна непаўналетняга дзіцяці раніцай прыехалі і забралі з кватэры ў Данецку. Дзіця 15 гадоў адзін дома застаўся. Да нас толькі што квартальная прыходзіла, суседа пыталася. Дзякуй Богу, ён ня тут зараз».
Яшчэ адна жыхарка «ДНР» расказала, што супрацоўнікі «Народнай міліцыі» «ДНР» даюць мужчынам мінімум часу на зборы, калі застануць іх дамы.
«Адразу ва УАЗік забіраюць і зьяжджаюць. Рэчы хто пасьпеў — па мінімуме ўзяў, гэта тое, што пачула. Тут ніхто ня хоча ісьці ў ваенкамат і тым больш ваяваць», — расказала яна.
«Сябар выйшаў па хлеб. Падляцелі, кажуць: сядай і паехалі. Ён кажа: куды? На фронт. Пашанцавала, што 16 гадоў, бацька ў аддзел зьездзіў і забраў яго», — апавядае яшчэ адзін жыхар Данецку ў мясцовым пабліку.
Карэспандэнты «Донбас. Реалий» кажуць, што ў Данецку «на няпэўны час» закрылі ўсе школы і ўнівэрсытэты. Людзі там успрымаюць гэта як спосаб стварыць карцінку для прапагандысцкіх СМІ, што ўсе мужчыны, якія там працавалі, пайшлі «служыць». Настаўнікаў таксама ў абавязковым парадку прыцягваюць да разносу позваў аб мабілізацыі па кватэрах.
У падкантрольнай сэпаратыстам Горлаўцы выкладчыкаў школ таксама выклікалі ў ваенкамат — «нешта перапісваць», прычым працаваць прыйшлося ноччу. Паводле крыніцы, настаўнікаў аб гэтым настойліва прасіў завуч мясцовай школы — пад пагрозай звальненьня. Журналісты мяркуюць, што так «ДНР» набірае людзей для бюракратычнай працы ў прызыве ў войска баяздольных мужчын.
У інтэрнэце таксама зьявіліся відэа, на якіх мужчын у Луганску і іншых гарадах, падкантрольных сэпаратыстам, затрымліваюць на вуліцы:
У апошнія гады ўлады «ДНР» і «ЛНР» усімі сіламі спрабавалі прывабіць мясцовых мужчын на «службу» у мясцовае войска, абяцаючы высокае, па мясцовых мерках, забесьпячэньне. Але ахвотнікаў было няшмат: на гэта шмат у чым уплывала тое, што салдаты ў такіх падразьдзяленьнях гінулі з прычын халатнага стаўленьня да іх камандзіраў.
Крыніцы таксама паведамляюць, што ў Данецку на вуліцах зноў зьявіліся расейскія вайскоўцы: іх апазнаюць па характэрнай гаворцы. Паводле дадзеных данчаніна-відавочцы, яны ходзяць па горадзе ў камуфляжы без апазнавальных знакаў: у асноўным гэта высокія, моцныя мужчыны, магчыма спэцназ. Афіцыйна Расея не паведамляла аб адпраўцы сваіх падразьдзяленьняў на тэрыторыю «ДНР» і «ЛНР», аднак сьцягнула да межаў Украіны магутную групоўку колькасьцю каля 150 тысяч чалавек.
Відавочцы таксама паведамляюць, што на вуліцах Данецка ў розных пунктах стаіць мноства легкавых машын зь людзьмі ў форме, якія назіраюць за тым, што адбываецца. Паводле паведамленьняў мясцовых жыхароў, гэта звычайныя мясцовыя аўтамабілі з нумарамі групоўкі «ДНР». Некаторыя вуліцы, напрыклад праспэкт Аляксандра Матросава ў Данецку (ён зьвязвае Куйбышаўскі раён з плошчай Бакінскіх камісараў, дзе разьмешчаны мясцовы «райаддзел міліцыі»), перакрыты бронетранспартэрамі для руху транспарту.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.