Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гаворка ішла пра пагрозы беларускаму сувэрэнітэту». Ціханоўская сустрэлася зь дзяржсакратаром ЗША Блінкенам


Энтані Блінкен і Сьвятлана Ціханоўская
Энтані Блінкен і Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Мюнхэне зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Як паведамляецца ў Тэлеграм-канале офісу Ціханоўскай, яны абмеркавалі міжнародную рэакцыю на дзеяньні рэжыму.

«Ціханоўская адзначыла, што сытуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца, рэжым пачынае гандляваць беларускім сувэрэнітэтам. Лукашэнка страціў самастойнасьць і гатовы вярнуць ядзерную зброю ў краіну. Беларусь мае вырашальнае значэньне для бясьпекі ў Эўропе і павінна быць у цэнтры міжнароднай увагі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Гаворка ішла пра пагрозы беларускаму сувэрэнітэту і незалежнасьці, якія сыходзяць з боку Лукашэнкі і Расеі. Пра гэта ведаюць, нас чуюць. У нас цяпер ёсьць саюзьнікі па ўсім сьвеце».

Сьвятлана Ціханоўская 17 лютага прыбыла ў Мюнхэн, дзе выступіць на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. Яна раскажа пра цяперашнюю сытуацыю ўнутры Беларусі, а таксама пра ролю Беларусі ў гарантаваньні рэгіянальнай і агульнаэўрапейскай бясьпекі.

У канфэрэнцыі бяруць удзел сусьветныя лідэры, у тым ліку генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і многія іншыя. Кіраўніцтва Расеі на канфэрэнцыі ня будзе.

Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы праводзіцца штогод з 1962 году. На працягу першых 30 гадоў існаваньня форуму ў ім бралі ўдзел лідэры краін NATO; з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў ліку ўдзельнікаў зьявіліся Расея, краіны Ўсходняй Эўропы, Кітай, Індыя, Японія.

У 2022 годзе Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы ўпершыню за два гады пройдзе ў вочным фармаце, з 18 па 20 лютага. За тыдзень да пачатку сёлетняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі Масква — упершыню за 20 гадоў — цалкам адмовілася ад удзелу ў ёй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG