Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суркоў заявіў, што Расеі «цесна» ў межах «пахабнага» Берасьцейскага міру


Уладзіслаў Суркоў і Ўладзімір Пуцін
Уладзіслаў Суркоў і Ўладзімір Пуцін

Былы памочнік Пуціна Ўладзіслаў Суркоў, які лічыцца адным з «архітэктараў» сэпаратысцкіх утварэньняў ва Ўсходняй Украіне, заявіў, што сучасная Расея «ня можа знаходзіцца» ў межах, устаноўленых у 1918 годзе, пасьля падпісаньня Берасьцейскага міру зь Нямеччынай.

Гэтую думку Суркоў прасоўвае ў артыкуле «Туманная будучыня пахабнага міру», апублікаваным 15 лютага на партале «Актуальныя камэнтары».

«Цесна і сумна, і няёмка... і неймаверна заставацца Расеі ў межах пахабнага (Берасьцейскага) міру. Мы за мір. Зразумела. Але не за пахабны. За правільны», — напісаў ён.

Берасьцейскі мір — сэпаратны мірны дагавор, падпісаны 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці прадстаўнікамі Савецкай Расеі, а таксама Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны, Турэччыны і Балгарыі: ён вызначаў умовы выхаду РСФСР зь Першай сусьветнай вайны. Па ўмовах Берасьцейскага міру Расея абавязвалася:

  • не прэтэндаваць на тэрыторыі сучасных краін Балтыі (Латвіі, Літвы і Эстоніі) і часткі сучаснай Беларусі;
  • вывесьці войскі зь Фінляндыі і з Украіны, а таксама прызнаць Украінскую Народную Рэспубліку незалежнай дзяржавай;
  • вывесьці войскі з тэрыторыі Атаманскай імпэрыі, а таксама перадаць ёй акругі Ардаган, Батум і Карс;
  • дэмабілізаваць войска і раззброіць флёт;
  • спыніць рэвалюцыйную прапаганду ў краінах, зь якімі падпісала дамову, і саюзных ім дзяржавах.

Пасьля Берасьцейскага міру пад кантроль Нямецкай імпэрыі і Аўстра-Вугоршчыны перайшло каля 4% тэрыторый, якія на той момант кантралявала Расея — у асноўным тыя, што цяпер адносяцца да краінаў Балтыі, Беларусі і Ўкраіны.

«Заходняя мяжа адкацілася далёка на ўсход, засунуўшы краіну ў межы дапятроўскіх, можна нават сказаць, дараманаўскіх часоў. Пахабней няма куды», — камэнтуе ўмовы гэтага пагадненьня Суркоў. Далей былы памагаты Пуціна заўважае, што пасьля распаду СССР Расея вярнулася на захадзе да межаў лютага-сакавіка 1918 году.

«Калі параўнаць сучасную карту эўрапейскай часткі нашай краіны з картай, зацьверджанай славутым Берасьцейскім мірам, то наўрад ці знойдзецца шмат адрозьненьняў. Дзіўна, але заходняя мяжа цяперашняй Расеі амаль літаральна супадае з той лініяй абмежаваньня, на якую ў 1918 г. маладушна пагадзіліся бальшавікі пасьля прад’яўленьня нямецкага ўльтыматуму, — піша былы памочнік прэзыдэнта Расеі. — Атрымліваецца, Расея праз шмат гадоў была ізноў адціснутая назад у межы „пахабнага міру“. Не прайграўшы вайны. Не захварэўшы на рэвалюцыю. Нейкай сьмешнай перабудовы, нейкай каламутнай галоснасьці хапіла, каб шматковая савецкая імпэрыя распаўзлася па швах».

«І што далей? Дакладна — не цішыня. Наперадзе шмат геапалітыкі. Практычнай і прыкладной. І нават, магчыма, кантактнай», — мяркуе Суркоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG