Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг краінаў заклікалі сваіх грамадзян пакінуць Украіну «як найхутчэй»

абноўлена
Кіева-Пячэрская лаўра
Кіева-Пячэрская лаўра

Пачынаючы з раніцы 11 лютага розныя краіны сьвету пачалі павведамляць, што эвакуююць сваіх грамадзян з Украіны або заклікалі іх пакінуць краіну з прычыны пагрозы расейскай ваеннай агрэсіі.

Раніцай 11 лютага такія інструкцыі для сваіх грамадзян апублікавала амбасада Нідэрляндаў. Акрамя таго, яны стварылі цэнтар эвакуацыі ў Львове для тых, хто вырашыць застацца ва Ўкраіне і ў выпадку расейскага ўварваньня будзе пакідаць межы Ўкраіны сваім аўтатранспартам у заходнім напрамку.

Вядома, што афіцыйна заклікалі сваіх грамадзян «як найхутчэй» пакінуць Украіну амбасады або міністэрствы замежных спраў наступных краінаў:

  • Аўстраліі,
  • Бэльгіі,
  • Вялікай Брытаніі,
  • Даніі,
  • ЗША,
  • Ізраілю,
  • Італіі
  • Канады,
  • Латвіі,
  • Нарвэгіі,
  • Нідэрляндаў,
  • Новай Зэляндыі,
  • Нямеччыны,
  • Паўднёвай Карэі,
  • Паўночнай Македоніі,
  • Фінляндыі,
  • Чарнагорыі,
  • Швэцыі,
  • Эстоніі,
  • Японіі.

На сайтах дыпляматычных прадстаўніцтваў ці міністэрстваў замежных спраў гэтых краін зьявіліся ў цэлым падобныя інструкцыі пакінуць тэрыторыю Украіны як мага хутчэй, пажадана ў прамежку найбліжэйшых сутак. Таксама грамадзянам раяць не падарожнічаць ва Ўкраіну, бо консульскія паслугі будуць істотна абмежаваныя.

Акрамя таго, у інструкцыях раяць грамадзянам, якія вырашаць застацца на тэрыторыі Ўкраіны, мець дастатковы запас вады, ежы, коўдраў, батарэек і праверыць, ці дастаткова паліва ў аўтамабілі, каб выяжджаць у выпадку неабходнасьці ўласным аўтатранспартам праз сухапутную мяжу Ўкраіны.

МЗС Нарвэгіі таксама не рэкамэндуе падарожнічаць ці спыняцца ў Расеі на адлегласьці бліжэй за 250 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Таксама сярод парадаў — пазьбягаць любых паездак у Беларусь, за выключэньнем Менску.

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне пераходзіць на дыстанцыйны рэжым працы. Амбасадар ЭЗ ва Ўкраіне Маці Маасікас заклікаў калег-эмігрантаў, за выключэньнем асноўнага пэрсаналу, як мага хутчэй пакінуць Украіну для дыстанцыйнай працы з-за мяжы.

ЗША зьбіраюцца эвакуяваць сваю амбасаду ў Кіеве, паведамляе агенцтва Associated Press. Паводле агенцтва, амэрыканскія чыноўнікі заявілі, што невялікая колькасьць супрацоўнікаў можа застацца ў Кіеве, але пераважная большасьць з амаль 200 амэрыканцаў у амбасадзе выедуць з Украіны або перамесьцяць на крайні захад Украіны, непадалёк ад польскай мяжы, каб ЗША маглі захаваць дыпляматычную прысутнасьць у краіне.

Паводле зьвестак газэты Kyiv Post, Злучаныя Штаты эвакуююць амэрыканскіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ.

У ноч на 11 лютага пакінуць Украіну заклікаў грамадзян ЗША прэзыдэнт Джо Байдэн. Паводле ягоных словаў, гэта неабходна зрабіць праз пагрозу вайны з Расеяй. «Падзеі могуць разьвівацца імкліва», — заявіў ён у інтэрвію каналу NBC News.

У канцы студзеня амбасада ЗША заклікала амэрыканцаў пакінуць Украіну і абʼявіла аб пляне эвакуяваць работнікаў амбасады ў гэтай краіне. Сьледам за гэтым аб такім жа кроку заявілі Вялікая Брытанія, Аўстралія і Канада. Эўразьвяз заклікаў неасноўны пэрсанал прадстаўніцтва ва Ўкраіне пакінуць краіну, аднак, як падкрэсьліў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх сувязяў Петэр Стано, гэтая рэкамэндацыя не раўнацэнная эвакуацыі супрацоўнікаў.

  • З восені мінулага году краіны Захаду заяўляюць аб канцэнтрацыі расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і рэальнай пагрозе расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Каля межаў з Украінай, паводле апошніх ацэнак, сканцэнтравана ўжо каля 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак Дзярждэпартамэнту ЗША, Масква можа пачаць наступ у найбліжэйшы час.
  • Масква адмаўляе пляны ўварваньня і тлумачыць перасоўваньне войскаў вучэньнямі. На фоне напружанасьці Расея запатрабавала ад ЗША і NATO гарантый бясьпекі ў Эўропе. Высунутыя патрабаваньні заходнія дыпляматы назвалі невыканальнымі, ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.
  • У чацьвер міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што МЗС можа параіць неасноўнаму пэрсаналу дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Кіеве выехаць у Расею. Ён абгрунтаваў такі крок асьцярогамі, што ЗША і Вялікая Брытанія, зь яго пункту гледжаньня, могуць рыхтаваць правакацыі на тэрыторыі Ўкраіны.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG