Многія крытыкі кажуць, што яшчэ не прыйшоў час асэнсоўваць такія трагічныя падзеі. А яшчэ рэжысэру і іншым стваральнікам закідалася прэтэнзія, што яны не адчуваюць адказнасьці за той боль, празь які яшчэ праходзяць беларусы.
Пра гэтыя тэмы Свабода пагутарыла з музыкам гурту «Разьбітае сэрца пацана», акторам Паўлам Гарадніцкім, які сыграў у фільме адну з галоўных роляў.
— Павал, чакалі настолькі бурнай рэакцыі на сэрыял ужо на самым пачатку? Дыскусіі не сьціхаюць ужо некалькі дзён.
— Шчыра кажучы, не чакаў, зьдзіўлены. Адчуваю самыя розныя эмоцыі. Калі людзі кажуць пра боль, то выглядае, што рана яшчэ не загаілася.
Гэты кавалак відэа, які можна назваць бэкстэйджам, я б ня ставіў яго першым. Справа ў тым, што ён нічога не гаворыць пра фільм, а таксама проста няўдала выбраны. І людзям нават нічога не патлумачылі.
А потым ужо пачаўся сапраўдны холівар, калі адзін бок не разумее і ня чуе другі. І ўсё набірае абароты, як сьнежны камяк. Мне вельмі цяжка назіраць за тым, як мы сварымся адзін з адным на роўным месцы. Мы, здаецца, з аднаго ўсе лягера, і так сварымся — для мяне гэта страшна.
Скажу і за Андрэя Курэйчыка, і за сябе, што мы хацелі зрабіць добрую справу. І я лічу, што мы яе робім. Проста сутыкнуліся з такім непаразуменьнем на ўзроўні піяру.
Варта было дачакацца ўсё ж афіцыйнага тызэру, але кожны мае права на памылку. Ня трэба сварыцца, а трэба, наадварот, аб’ядноўвацца.
— Частая цяпер думка пра тое, што рана яшчэ баліць, таму мо яе ня варта чапаць. Вы яе падтрымліваеце?
— Мне здаецца, што пытаньне можна перафармуляваць: ці ня рана вам такое глядзець? І калі рана, то трэба выключыць. Розныя пытаньні можна ставіць, але нельга забараняць, нельга казаць, што вы ня можаце такое здымаць. А я бачыў падобныя катэгарычныя камэнтары. Гэта можа быць меркаваньнем, але ня заклікам да дзеяньня — забараніць Курэйчыку здымаць пра Акрэсьціна.
— Андрэй Курэйчык крыху заспойлерыў, што вы выконваеце ў сэрыяле галоўную ролю. Гэта праўда?
— Там некалькі галоўных, некалькі сюжэтных ліній, але — так, адну з галоўных.
— Можа, раскрыеце сакрэт, што гэта за роля?
— Толькі каб моцна не заспойлерыць сюжэт (сьмяецца). Гэта чалавек гадоў сарака. Ён дробны бізнэсовец, на Акрэсьціна ён у крымінальнай справе, не зьвязанай з палітыкай, ідуць сьледчыя дзеяньні. Гэта чалавек, які ніколі ня думаў пра палітыку, не цікавіўся ёй, і вось паступова зь ім адбываюцца зьмены. Адлюстраваны пэрыяд да жнівеньскіх падзей, гарачы перадвыбарчы час.
Турэмная камэра — гэта невялікі зрэз грамадзтва. Мой герой сумленны, перажывае сытуацыю, у якую трапіў, ён зьбіў чалавека на аўто. Гэта чалавек з катэгорыі тых беларусаў, якія гатовыя адзін аднаму дапамагаць і нешта пра сябе разумець. Ён адкрыты, шчыры.
У 2020 годзе ён, як і многія, зразумеў, чаму варта цікавіцца палітыкай. Вы ж помніце, што ў пратэстах 2020 году бралі ўдзел шмат і бізнэсмэнаў, і айцішнікаў. Людзей, у якіх зь фінансавага боку ўсё было ў парадку, але яны абудзіліся і не маглі трываць далей.
Цікава прасачыць узаемаадносіны сукамэрнікаў, як яны мяняюцца, як раскрываюцца людзі. Я б сказаў, што гэта кіно пра пошукі чалавечнасьці ў нечалавечых умовах.
— У фільме будуць рэальныя асобы, якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні?
— Я не магу адказаць за ўвесь сэрыял, але мая сцэна зьвязаная зь Сяргеем Ціханоўскім.
— Адразу пагадзіліся на сваю ролю?
— Я праходзіў пробы на дзьве ролі. Курэйчык вырашыў, што мне больш падыдзе роля Мікіты. Не адразу пагадзіўся, думаў. Калі прачытаў сцэнар, то зразумеў, што мне гэта цікава. Цікавы гэты пэрсанаж як чалавек, як ён сябе пераадольвае, пераадольвае зло і гвалт.
Мне важна ўздымаць гэтую тэму, каб пра яе не забываліся. У сваёй творчасьці я ўздымаю яе не ўпершыню. Нядаўна быў спэктакль Івана Вырыпаева пра гэты боль, лісты палітвязьняў.
— Вы самі прайшлі праз турэмны досьвед. Ці супадаюць вашы адчуваньні з тым, што ўбачылі ў стужцы?
— Я не праз Акрэсьціна прайшоў, адседзеў 15 сутак у Жодзіне. Сэрыял здымаецца ў Вільні, цяжка ўзнавіць атмасфэру, якая ёсьць у Беларусі — гэтыя перапоўненыя камэры, адсутнасьць матрацаў. На Лукішках усё па-іншаму — гэта такі гатэль у параўнаньні з Акрэсьціна. Калі глядзець з пункту гледжаньня натуральнасьці, то не зусім. Але ў нас і не было такой мэты — дакладна ўзнавіць усё. Гэта не дакумэнт, а абагульненьне.
— Вам асабіста яшчэ баліць праз уласны досьвед знаходжаньня ў такіх нялюдзкіх умовах?
— Баліць. Адзінае, што мне ня сьняцца сны пра турму, як многім. Я часта гэта ўсё ўспамінаю. І па-рознаму ўспамінаю. Я не магу сказаць, што гэта супэртраўматычны досьвед, ён хутчэй пра разуменьне.
Я ведаў, як адбываюцца ў нас суды, але калі сутыкаесься асабіста, то зусім іншае ўспрыманьне. Прыводзіш для судзьдзі доказы невінаватасьці і ведаеш, што гэта ня прымуць да ўвагі, але ўсё адно чакаеш лепшага. У такія моманты ты лепш разумееш, што такое сыстэма, што такое машына, што такое дрэнна, што такое добра.
Ад хлопцаў у камэры ў Жодзіне была вялікая падтрымка. Натуральна, турма — гэта жах, я б не хацеў зноў праз такое прайсьці, але ў гэтым кашмары важна тое, як людзі пачуваюць сябе вольнымі ў няволі. Мае сукамэрнікі былі свабаднейшыя за тых, хто нас ахоўваў.
— Атрымаецца прыцягнуць увагу да тэмы палітвязьняў, зьдзекаў у турмах гэтым фільмам?
— Я б вельмі гэтага хацеў. Здаецца, патроху ўсё забываецца. І нават не сярод беларусаў, а ў сьвеце. Тэма Беларусі зьнікае. Калі фільм, спэктакль, кніга прыцягне да яе ўвагу, то я буду рады.
Я нават за дыскусіі, за крытыку, але супраць абразаў. Ніводзін з бакоў іх ня можа выкарыстоўваць.
— Людзей адпачатку зьбянтэжыў момант з расстрэлам на Акрэсьціна — маўляў, навошта здымаць няпраўду, чым вы ад Азаронка ў такім разе адрозьніваецеся? Калі яшчэ ніхто ня ведаў, што гэта сон героя.
— Гэта памылка прадусараў, што нічога не патлумачылі. Ня ведаю, чым яны кіраваліся, можа, экшнам, стралялкай. Але ў фільме экшну ня так шмат, у асноўным гэта размовы. Мабыць, не падумалі, што для кагосьці тыя кулі будуць зашкварам. Тызэр, трэйлер павінны быць абдуманыя, ня трэба выпускаць сыры матэрыял.
— Другі важны момант — адказнасьць творцы за прадукт, які вырабляецца. Вы адчуваеце сваю адказнасьць за гэтую тэму, за людзей, якія яшчэ ў няволі?
— Безумоўна. Творцаў судзяць па законах, імі створаных. Убачаць фільм — няхай судзяць. Я нясу адказнасьць за сваю ролю, калі яна будзе сыграна добра, то будзе плюсік фільму. Я стараўся, і ня толькі я. Уся здымачная група старалася, мы хацелі зрабіць якасны прадукт.
— Але вам ня сорамна за зробленую працу?
— Не, канечне.
— Якая атмасфэра на здымачнай пляцоўцы панавала?
— Працоўная. Часу было ня так шмат. Стараліся сканцэнтравацца на працы. Калі ў камэнтарах пішуць, што працэс ішоў са сьмешачкамі, то я такога не заўважаў. Мы сур’ёзна ставіліся да тэмы. Ніхто не зьневажаў сваіх пэрсанажаў. Мы проста хацелі зрабіць справу. Вядома, гэта несапраўдная турма, але вяртацца туды нават у сваіх перажываньнях, рэфлексіях нікому ня хочацца.